Гарадзенскіх журналістаў масава выклікаюць у міліцыю «на размовы»


Прынамсі сем журналістаў і фрылансераў у Горадні выклікаюць у міліцыю. Ва ўсіх выпадках гэта «неафіцыйныя» запрашэнні.

Журналісту Андрэю Мялешку тэлефанаваў маёр Ліпінскі з аддзелу міліцыі Фолюш [мікрараён у Горадні – рэд], які хацеў сустрэцца з ім у пастарунку. Аднак журналіст адмовіў, спаслаўшыся на ўстаноўлены парадак выкліку, паводле якога праваахоўнікі ў такіх выпадках мусяць дасылаць афіцыйныя позвы.

«Дайшла чарга і да мяне. Толькі што тэлефанавалі, выклікалі на размову. Ад якой я адмовілася», – піша ў «Фэйсбуку» гарадзенская журналістка Катажына Ляўдацкая.

Сярод выкліканых праз тэлефон – журналісты Віктар Парфёненка, Андрэй Мялешка, Аляксандр Саенка, Вольга Корсун, Руслан Кулевіч, – паведамляе прэс-служба «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Таксама ў міліцыю выклікаюць Дзяніса Івашына, які супрацоўнічае з рэсурсам “Інформнапалм”. Журналісты лічаць гэтыя «запрашэнні» псіхалагічным ціскам перад маючай адбыцца ў горадзе акцыяй 25 сакавіка.

РК, belsat.eu

Стужка навінаў