Гарадзенскі злодзей, які скраў сабаку, прыйшоў у міліцыю


Жыхар Горадні, які скраў пародзістага сабаку ў гандлёвым цэнтры, прыйшоў у Ленінскае РУУС з пакаяннем пасля таго, як пабачыў відэа свайго злачынства ў інтэрнэце.

Гарадзенская міліцыя заявіла, што першае сёлетняе злачынства было здзейсненае ўвечары 1 студзеня: двое мужчынаў падазраваліся ў крадзяжы сабакі пароды джек-расэл-тэрʼер з-пад крамы «Алмі» на вуліцы Ліможа.

Гаспадар сабакі прывязаў гадаванца да парэнчаў ды пайшоў па харчы. Праз момант з гандлёвай залы выйшлі двое мужчынаў, якім сабака прыйшоўся даспадобы. На запісах камераў відэаназірання бачна, як з крамы яны выходзяць разам з жывёлінай.

Пасля размяшчэння відэа ў сацыяльных сетках адзін са злодзеяў прыйшоў з сабакам у міліцыю з пакаяннем.

Джэк-расэл-тэрʼер – па сутнасці фокстэрʼер, чые паляўнічыя якасці шляхам доўгай селекцыі ўдасканаліў у XIX стагоддзі ангельскі святар Джэк Расэл.

Джон «Джэк» Расэл у паляўнічым строі.

Павальная мода на гэтую пароду распачалася пасля выхаду фільму «Маска», у якім джэк-расэл-тэрʼер быў найлепшым сябрам героя Джыма Кэры.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары