Гарадзенскі ваенкамат сцвярджае: Іван Жахлівы і Пётр Першы – пачынальнікі беларускага войска


Скандальны буклет выпусціў гарадзенскі Вайсковы камісарыят з нагоды свайго 70-годдзя.

Шыкоўнае паводле паліграфіі глянцавае выданне фармату А4, на дзіва, не мае ані аўтара, ані выходных дадзеных. На першых старонках бачныя вітанні ў адрас ваенкамату ў сувязі з юбілеем ад старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Краўцова ды першага намесніка кіраўніка Генштабу генерал-маёра Сяргея Купрыка. Далей – экскурс у гісторыю…

«Я не веру сваім вачам! – абураецца гісторык Алесь Краўцэвіч, трымаючы брашуру ў руках. – У якасці «бацькоў» нашага войска тут падаюцца Іван Жахлівы ды Пятро І. Той самы Іван Жахлівы, які вёў супраць Вялікага Княства Інфлянцкую вайну, спаліў Полацк, выразаў там усіх габрэяў, вывез сафійскую бібліятэку. Той самы Пятро І, які падчас Паўночнай вайны паводзіў тут сябе як акупант, засек шаблямі манахаў у полацкай Сафіі… Яны – героі?..»

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Цікава, што Беларусь не згадваецца ў гістарычнай прадмове ў прынцыпе – нават у форме БССР. Ідзецца пра нейкую «нашу землю», на якой усе персанажы чамусьці – расейскія цары, імператары ды военачальнікі. 30-я гады сталіншчыны падаюцца як час «…аднаўлення народнай гаспадаркі, мірнага будаўніцтва і культурнай рэвалюцыі», пераломны для Беларусі 1939-ы год таксама ніяк не апісаны.

«Гэта не звычайная непісьменнасць, – працягвае Краўцэвіч. – Гэта імперская ментальнасць. Ці афіцэры, якія прачытаюць такое, будуць бараніць Радзіму ад Расеі ў выпадку чаго? Канешне, не… Аўтараў можна судзіць за заклік да здрады Радзімы альбо звальняць без права на выплату пенсіі».

Падобная рыторыка выглядае дзіка нават для афіцыйных беларускіх вайсковых выданняў, дзе ўсё ж прызнаюцца заслугі Вітаўта альбо гетмана Астрожскага. У брашуры ж гістарычная частка выглядае наўпрост «злізанай» са старых савецкіх альбо сучасных расейскіх падручнікаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў