«Гарадзенскі тарантул». Ці пагражае ён людзям?


Belsat.eu адшукаў павука па скрыншоце з відэа, а таксама дазнаўся ў біёлагаў, ці варта яго баяцца.

На мінулым тыдні літаральна ўсе СМІ абляцела відэа з варонкавым павуком, якога засняў гарадзенец на мелавых кар’ерах у ваколіцах гораду. У допісах адзначалася, што гэта небяспечны «сваяк тарантула», які «можа на працягу гадзіны бесперапынна пераследаваць ахвяру»… З гэтай нагоды Belsat.eu правёў сваё невялічкае расследаванне.

Спачатку па скрыншоце з відэа, на якім бачны краявід, атрымалася знайсці гняздо, а дакладней нару павука. Жытло ён зрабіў сабе ў гурбе пяску, якая паўстала з перакуленага пня на самым беразе кар’еру недалёка ад гораду. Значыць павук рэальны, не фэйкавы.

Павуціна прадстаўнікоў гэтага віду сапраўды нагадвае варонку, якая паступова звужаецца і пераходзіць у калідор, які вядзе пад зямлю. Туды павук цягне свае ахвяры, першапачаткова забітыя ядам.

Згодна агульнадаступным крыніцам, варонкавыя павукі падзяляюцца ажно на 700 відаў, якія жывуць па ўсёй зямлі, збольшага ў цёплых і вільготных кліматычных зонах.

Як патлумачыла біёлаг Кацярына Манчук, такія павукі выдзяляюць таксічны яд, таму іх укусы небяспечныя. Але каб разабрацца, наколькі небяспечны менавіта экзэмпляр, знойдзены пад Горадняй, варта звярнуцца да вузкага спецыяліста.

Кандыдат біялагічных навук Аляксандра Рыжая глядзіць на сітуацыю куды больш празаічна. Паводле яе словаў, такія павукі, а менавіта Agelenalabirintica (лабірынтавы павук) трапляюцца паўсюдна, дзе ёсць травастой, нават у гарадзенскім Каложскім парку ў межах гораду.

«Дагэтуль ніякіх сведчанняў аб ягонай агрэсіі арахнолагі не мелі, – тлумачыць Аляксандра Рыжая, – я не знаёмая з чалавекам, які зрабіў відэа і запусціў тэму, але ён забыўся на два факты: павукі харчуюцца насякомымі, гэта іх асноўная ежа, а на людзей яны не нападаюць, бо наўпрост іх не бачаць – зрок слабы. Па-другое, сапраўды ядавітыя варонкавыя павукі жывуць… у Аўстраліі».

Аляксандра таксама звяртае ўвагу, што інфармацыя пра нібыта роднаснасць варонкавага павука з тарантулам – таксама фэйк. Тарантул адносіцца да іншага сямейства – Lycosidae (павукі-ваўкі), і павуціну ён не пляце наагул, а жыве ў норах.

«Ядавітых і небяспечных павукоў у Беларусі наагул і ў Горадні ў прыватнасці, выяўлена спецыялістамі не было, – працягвае Аляксандра, – А гэта інфармацыя з серыі двухгаловых жывёлаў у Чарнобыльскай зоне, крысаў памерам з сабаку ў Маскоўскім метро або чупакабры».

Такім чынам у СМІ патрапіў паў-фэйк: павук апынуўся цалкам рэальным, а вось небяспека з яго боку – аказалася перабольшанай у разы. Гарадзенскі «сваяк тарантула», які «можа на працягу гадзіны бесперапынна пераследаваць ахвяру» калі недзе і жыве, дык толькі на старонках жоўтай прэсы.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў