Гарадзенскі шклозавод абвяргае інфармацыю пра перапоўненасць складоў


Пытанні ў гарадзенцаў выклікалі вялікія кантэйнеры з прадукцыяй, якая накапілася на двары шклозаводу. «Гэта прадукцыя пад канкрэтнага замоўніка, хутка яе адгрузяць», – патлумачылі на прадпрыемстве.

Інфармацыя пра перапоўненасць сховішчаў прадпрыемства нядаўна была апублікаваная на нашым сайце. У артыкуле таксама фігуравалі здымкі, дасланыя чытачамі з Горадні: вялікая колькасць кантэйнераў са шкляной тарай на двары прадпрыемства.

Як патлумачыла менеджар па камунікацыях шклозаводу Анастасія Мокрая, адгрузка гэтай прадукцыі будзе адбывацца ў хуткім часе, пад разліў прадпрыемстваў-заказчыкаў.

На шклозаводзе таксама адзначаюць, што праверка Дзяржкантролю ў 2014 годзе сапраўды мела месца. На ёй былі выяўленыя парушэнні: пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць і вялікі сабекошт прадукцыі. Аднак за першыя 5 месяцаў 2015 году «былі прынятыя меры па ліквідацыі дэбіторскай запазычанасці і распрацаваны план мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў, што сёння рэалізуецца на практыцы», – патлумачыла Анастасія Мокрая.

Некарэктнай на шклозаводзе назвалі таксама інфармацыю адносна інвестпраекту па вытворчасці медычнай тары. Гэты праект, як патлумачылі на прадпрыемстве, прадугледжвае не толькі выпуск прадукцыі для медычных рэчываў, але і тары для харчовых вадкасцяў:

«Гэтая прадукцыя зараз запатрабаваная на ўнутраным рынку, у прыватнасці на прадпрыемствах лікёра-гарэлачнай галіны», – патлумачыў камерцыйны дырэктар Ігар Байчук.

Фота цэху з вялікім банерам «Прадаецца» сапраўды трапіла ў артыкул «Белсату» праз памылку. Цэх насамрэч належыць не шклозаводу, а прадпрыемству «Белкард», якое знаходзіцца побач.

Belsat.eu

Стужка навінаў