Гарадзенскі «Кінавідэапракат» прайграў суд са студэнткаю, якая раскрытыкавала гарадскія кінатэатры


Студэнтка-практыкантка hrodna.life Вераніка Вельб

Гарадзенскі «Кінавідэапракат» прайграў суд са студэнткаю, якая напісала, што «у Горадні глядзець няма чаго».

Прывабнасць свайго рэпертуару «Гроднааблкінавідэапракат» адстойваў некалькі месяцаў. Прычынай незадаволенасці стаў артыкул студэнткі-практыканткі Веранікі Вельб, апублікаваны інфармацыйным парталам hrodna.life, дзе дзяўчына крытычна выказалася наконт рэпертуару гарадзенскіх кінатэатраў у раздзеле «Меркаванні».

«Кінатэатр – гэта прэм’еры, стужкі – пераможцы фестываляў, гэта атмасфера, калі ты цалкам засяроджваешся на тым, што адбываецца на экране. Горадня – дастаткова вялікі горад, каб тут быць людзям з рознымі густамі. А гарадзенскі кінапракат нічым, акрамя разрэкламаванага галівудскага кіно не цікавіцца. «Кінатэатры», што рабіць гарадзенцам? Скажаце, дома спазнаваць кінематограф? Тады навошта патрэбны «Усход», «Космас», «Чырвоная зорка» і нават «Кастрычнік»? Можа вы бядуеце? А я тут так груба і незразумела выказваюся. Але актыўнасць «Гроднааблкінавідэапракату» у самых некіношных сферах і далёка не дрэнны рамонт у кінатэатрах кажуць пра іншае. І квіткі сёння каштуюць не танна. Можа, грошай няма, таму што людзі не ходзяць? Глядзець няма чаго», – напісала новаспечаная журналістка.

Не зважаючы на гатовасць прымірэння з боку рэдакцыі hrodna.life і публікацыі тэксту, які б прадставіў пазіцыю «Гроднааблкінавідэапракату», кіраўнік установы Юрый Аляксей, у мінулым чалец Савету Рэспублікі, адмовіўся ад прапановы і настойваў на судовым вырашэнні канфлікту, які паўстаў.

Суб’ектыўна абразіла?

Праведзеная лінгвістычная экспертыза артыкула выявіла, што большасць сказаў, якія выкарыстала Вераніка ў сваім матэрыяле, носяць суб’ектыўны характар і з’яўляюцца суб’ектыўнай ацэнкай аўтара матэрыялу. Яны не могуць быць правераныя на сутнасць. Адзін сказ эксперт разбіла на дзве часткі і заявіла, што гэта сцвярджэнне аб факце, але яно не носіць абразлівую форму для «Гроднааблкінавідэапракату».

«Мы заклікаем дзяржаўныя ўстановы бараніць свабоду слова»

Журналістаў на судзе абараняў Алег Агееў, юрыст і сябра праўлення ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», які прыгадаў важнасць свабоды выказвання для кожнай краіны.

Вераніка Вельб разам з юрыстам БАЖу Алегам Агеевым у залі суда

«Свабода слова адносіцца да такіх свабодаў, без якіх не магчыма функцыянаванне любога грамадства. І тое, наколькі развітымі і свабоднымі з’яўляюцца СМІ ў краіне, наколькі яны не залежаць ад дзяржавы, паказвае наколькі развітае грамадства. Мы заўсёды заклікаем усе дзяржаўныя ўстановы, бараніць гэтую свабоду, і, калі гэта магчыма, станавіцца на абарону журналістаў. Бо нават, калі журналіст недзе па краі ходзіць, але ж ягонае выказванне, пытанні, якія ён падымае, маюць грамадскі інтарэс, і гэта вельмі важна для нашай краіны, для кожнага. І таму гэта трэба бараніць», – выказаўся Алег Агееў.

21 снежня Эканамічны суд у Горадні вынес рашэнне не задаволіць пазоў «Гроднааблкінавідэапракату» у стасунку да рэдактара hrodna.life Аляксея Шоты і Веранікі Вельб.

Галоўны рэдактар hrodna.life Аляксей Шота

«Я рада, што ўсё скончылася. Таму што, як мне падаецца, гэта было нейкае глупства. Пазоўнік мог проста выказаць сваё меркаванне і паказаць, як ёсць насамрэч. І Аляксей Шота ўвесь час прапаноўваў ім розныя варыянты. Напісаць пра тое, як праходзяць паказы, каб прывабіць туды гледача. А яны зрабілі па-іншаму, і ў вялікай колькасці людзей адбілі жаданне наведваць кінатэатры», – сказала Вераніка Вельб пасля суда.

Дарэчы практыку ва ўніверсітэце, дзе вучыцца Вераніка, дзяўчыне так і не залічылі.

Дырэктар і галоўны рэдактар hrodna.life Аляксей Шота ў сваю чаргу заявіў, што чакаў такога судовага рашэння і цалкам ім задаволены.

«Я ўжо нават настолькі задаволены, што схадзіў у кіно і набыў квіток на «Зорныя войны». Вырашыў, не буду байкатаваць кінатэатры. Калі яны прайгралі, то трэба ім дапамагчы рублём. Бо прыйдзецца аплочваць новыя выдаткі, таму схадзіў і купіў квіточак. Можа, яшчэ на «Ёлкі» схаджу перад Новым годам», – кажа Аляксей Шота.

Глядзіце таксама:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары