Здымачную групу і хлопцаў з «Дзецюкоў» выпусцілі з заслаўскага РУУС


Міліцыя забрала бел-чырвона-белыя сцягі і ўсё знятае відэа, з якога мае паўстаць новы кліп гарадзенскага гурта. Падчас здымкаў АМАП затрымаў 15 чалавек.

«Нас зараз вязуць у РУУС Заслаўя. Затрымалі ўсіх музыкаў ды тых, хто дапамагаў нам у працы над кліпам, у тым ліку гісторыка Ігара Мельнікава. Усіх пасадзілі ў аўтазак, у любым момант могуць забраць тэлефон», – паведаміў «Tuzin.fm», вакаліст Dzieciuki Алесь Дзянісаў.

У РУУС музыкам і здымачнай групе паведамілі, што ў аддзяленне іх даставілі для размовы. Падставай для затрымання стала адсутнасць у музыкаў дазваляльных папераў на здымкі.

Па непацверджанай інфармацыі ў міліцыю патэлефанавалі мясцовыя жыхары Заслаўя, якія спужаліся людзей у вайсковай форме. Музыкі былі апранутыя ў вайсковыя строі часоў грамадзянскай вайны. На здымачнай пляцоўцы былі і бел-чырвона-белыя сцягі, якія выкарыстоўвалі ў якасці рэквізіту.

Новы кліп гарадзенцаў здымаецца на песню «Хлопцы-балахоўцы» і прысвечаны чарговай гадавіне Слуцкага збройнага чыну (спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 г.).

Усё знятае відэа міліцыя забрала на экспертызу, якая будзе доўжыцца прыкладна 10 дзён.

Апошнія кліпы «Дзецюкоў»



ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў