Гарадзенская Каложа можа абрынуцца ў Нёман


Адна з самых старажытных святыняў у Беларусі – Каложская царква святых Барыса і Глеба з XII ст. – можа з’ехаць у Нёман, лічаць менскія і гарадзенскія архітэктары ды гісторыкі. У бетоннай агароджы на ўскрайку Каложскага схілу з’явіліся глыбокія касыя расколіны.

Каля дзесяці гадоў таму схіл умацавалі жалезнымі палямі і бетонам, каб спыніць апоўзень. Аднак, на думку спецыялістаў, вырашыць праблему да канца не атрымалася – зямля на ўзгорку працягвае апаўзаць

«Расколіны выклікаюць асцярогу, што ідзе фармаванне апоўзня. Калі рух пагорка не спыніць – частка Каложы можа разбурыцца. Неабходна пастаянна адсочваць развіццё працэсу. Можна замазаць расколіны, алё праблемы застануцца», – заўважыў архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік, які браў удзел у рэстаўрацыі інтэр’еру царквы.

У 1853 годзе адбыўся першы абвал часткі царквы ў Нёман. Праз некалькі гадоў у ваду спаўзла яшчэ адна частка святыні і пахаванні каля яе. У 1884 годзе абвалілася частка апсіды, праз пяць гадоў адбыўся наступны абвал. Святыня знаходзілася на парозе поўнага знішчэння. Бераг Нёмну ўмацавалі толькі ў 1897 годзе, а на месцы зруйнаваных сценаў пабудавалі новыя – драўляныя.

МЯ, belsat.eu, паводле vgr.by

Стужка навінаў