«Гарадзенскай беларусачкай» стала настаўніца беларускай мовы


Конкурс на званне «Гарадзенскай беларусачкі» прайшоў у 11-ы раз.

Упершыню, акрамя студэнтак, у конкурсе прыняла ўдзел настаўніца. Анастасія Трафімчук выйграла не толькі карону, але і ролю вядоўцы на гарадзенскім канале.

28 красавіка ў Гарадскім доме культуры прайшоў урачысты конкурс «Гарадзенская беларусачка-2017». У барацьбе за тытул дзяўчаты паказвалі свае кулінарныя, танцавальныя, аратарскія і спартовыя здольнасці.

«Галоўны крытэр – беларускасць, валоданне беларускай мовай. Таксама мы глядзелі на прыгажосць дзяўчат, на іх крэатыўнасць, здольнасці. Сёлета ўпершыню быў конкурс па чырлідынгу: Міністэрства спорту і турызму нядаўна ўключыла чырлідынг у лік алімпійскіх відаў спорту. Хто ведае – можа праз чатыры гады на Алімпіядзе будуць выступаць менавіта гэтыя дзяўчаты», – кажа PR-менеджар праекту Сяргей Іваноў.

  • Даведка «Белсату». Летась Міжнародны алімпійскі камітэт прызнаў Міжнародны звяз чырлідынгу часовым чальцом. Праз тры гады чырлідынг можа ўвайсці ў праграму Алімпійскіх гульняў.
Сёлета ўпершыню прыгажуні спаборнічалі ў катэгорыі «чырлідынг». Гэты від спорту праз тры гады можа стаць алімпійскім.

Дзяўчаты рыхтаваліся да конкурсу два месяцы: займаліся танцамі, вучыліся хадзіць па подыуму, шылі касцюмы, гатавалі ды рыхтавалі мультымедыйную аўтапрэзентацыю. А таксама, відаць, падцягвалі беларускую.

Да конкурсу ўдзельніцы рыхтаваліся два месяцы.

У выніку з дваццаці чатырох кандыдатак журы вылучыла сямёрку найлепшых, якія ўвайшлі ў фінал. Сёлета упершыню за саламяную карону змагаліся не толькі студэнткі гарадзенскіх каледжаў і ВНУ, але і маладая настаўніца беларускай мовы з пачатковай школы №8 Анастасія Трафімчук.

Сяброўкі віншуюць Анастасію Трафімчук з перамогай.

Карону апрануў пераможцы намеснік старшыні аддзелу ідэалагічнай працы Гарадзенскага гарвыканкаму, які ачольваў сёлета журы, што складалася з васьмі мужчынаў.

Аляксандр Вайтуляніс узнагароджвае пераможцу.

«У галаве круціцца пытанне: чаму я? Дагэтуль не магу паверыць, – усхваляваная пераможца. – Вырашыла паўдзельнічаць, бо гэта сапраўднае свята беларускай мовы, якую на жаль у паўсядзённым жыцці зараз так рэдка пачуеш. А так хочацца, каб яна жыла – і яна сапраўды жыве тут».

Сюрпрызам для Анастасіі Трафімчук стала запрашэнне на тэлеканал «Гродна Плюс» весці суботнюю ранішнюю перадачу на беларускай мове.

«Што тычацца ролі вядоўцы, я вельмі баюся працы з карэспандэнтамі, з тэлевізіяй. Мае першыя спробы працы з камерай былі такія: «Ааа! Што казаць?!», – кажа дзяўчына. – Але гэта нешта неверагоднае, не веру, што гэта са мной адбылося».

Тытул самай таленавітай і прыгожай гарадзенкі прызначылі ў 11-ты раз. За гады існавання«Гарадзенская беларусачка» пераўтварылася з фальклорнага конкурсу ў вялікае шоу. Арганізатары кажуць, што імпрэза праводзіцца з мэтай адраджэння беларускіх нацыянальных традыцыяў, дзеля папулярызацыі беларускай мовы і народнай творчасці, прыцягнення ўвагі гарадзенскай моладзі да спадчыны беларускай культуры.

Відаць, мелася на ўвазе, што Аляксандра – «найлепшая». Сябры адной з удзельніцаў падтрымліваюць прыгажуню падчас выступу.

У рэчаіснасці конкурс ілюструе заняпад беларускай мовы: амаль усе – ад журы да адабраных канкурсантак – гаварылі па-беларуску з цяжкасцю, з мноствам памылак.

Магчыма, налета замест касметыкі, абанементаў у фітнес-клюб і панчох прыгажуням варта дарыць добрыя і цікавыя беларускія кнігі.

Паўліна Валіш; фота – Аляксандр Бурачок

Стужка навінаў