Гарадзенскага журналіста Андрэя Мялешку аштрафавалі на 6 млн рублёў


Незалежны журналіст атрымаў ужо трэці штраф у гэтым годзе за працу без акрэдытацыі.

Ленінскі раённы суд Горадні (суддзя Юрый Казакевіч) аштрафаваў Андрэя Мялешку на 40 базавых велічыняў (6 млн.руб.) за парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП. Пра гэта паведамляе БАЖ.

Пра ўзбуджэнне трэцяй адміністрацыйнай справы ў дачыненні да журналіста стала вядома ў сярэдзіне лістапада.

«Маім сведкам у судзе быў прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Валеры Чарапіца, які распавядаў у судзе пра тое, што ён мне расказваў пра сваю кнігу «400 імёнаў Гарадзеншчыны». Ці можна лічыць гэты суд справядлівым? Я лічу, што не. Ён быў палітычна матываваным. На маю думку, суддзя меў загадзя падрыхтаваны адказ. Бо цягам апошніх 10 хвілін суда, калі ўсе спадзяваліся, што суд будзе перанесены, суддзя абвесціў прысуд. І гэты прысуд быў вельмі нечаканым», – перадае словы Андрэя Мялешкі «Народная Воля».

Дагэтуль журналісту прысуджвалі штраф у чэрвені на 30 базавых велічыняў і ў кастрычніку – на 35. Нагодай былі артыкулы на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» пра акцыю гарадзенскіх лекараў «За здаровае сэрца» і пра стварэнне ў вобласці экалагічнага заказніка.

Журналіст лічыць чарговую позву супраць яго палітычна матываванай.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў