Гарадзенскага фатографа хочуць пакараць за фотарэпартаж для «Белсату»


31 траўня Аляксандр Саенка атрымаў павестку з РАУС Гарадзенскага раёну з інфармацыяй, што на яго завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі). Перад гэтым міліцыянты месяц тэлефанавалі на мабільны і хатні з просьбай прыйсці паразмаўляць. Аляксандр сказаў, што без позвы не пойдзе.

«Вось і выканалі просьбу. Позву кінулі ў паштовую скрыню. Вырашыў, што хопіць хавацца. Апытваў старэйшы дазнаўца Раманчук».

Справа датычыць фотарэпартажу, які фатограф зрабіў на пачатку красавіка ў Сапацкіна ў Музеі велікоднай пісанкі.

«Ён пытаўся, ці я там быў. Я сказаў, што не буду даваць паказанні адпаведна з 27 артыкулам Канстытуцыі. Ён пагадзіўся, я напісаў гэта ў пратаколе апытання. Усё заняло хвіліны тры».

Аляксандр кажа, што пакуль не ведае, калі пратакол перададуць у суд.

22 траўня ў Горадні асудзілі штрафам у памеры 23 базавых велічынь (529 рублёў) журналіста Паўла Мажэйку. Яго аштрафавалі за онлайн падзеяў на Дзень Волі ў Горадні, які ён рабіў у эфіры«Белсату».

Цягам сёлетняй вясны журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», шматразова затрымлівалі, судзілі і каралі буйнымі штрафамі за асвятленне акцый пратэсту. Агульная сума штрафаў складае прыкладна $ 9 тысяч. Агулам нашыя карэпспандэнты правялі за кратамі больш за месяц.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў