Гарачая спрэчка на палях «Маргіналіса»


Кірал Стаселька, аўтар раману "Маргіналіс"

Карэспандэнтка «Белсату», Ядзя Бурштынава, прачытала раман «Маргіналіс» і запрасіла аўтара на шчырую размову, у якой знайшлося месца нязручным пытанням, ды нават гарачай спрэчцы наконт перабольшанай жорсткасці рамана.

Кірыл, якое значэнне мае назва рамана – «Маргіналіс»?

Маргіналіі – гэта палі кнігі. Раней яны аздабляліся малюнкамі ды рознымі ўзорамі. Цяпер на палях чытач можа пакідаць свае каментары, думкі, эмоцыі, ідэі. Такім чынам, гэтыя палі часам становяцца больш значнымі і важнымі, чым сам тэкст. І гэтая запісы, зробленыя на палях, становяцца яшчэ больш важнымі, калі, напрыклад, іх зрабіў вядомы чалавек. Нататкі на палях пераўтвараюцца ў самастойны аўтаномны тэкст, які можа трапіць у публічную прастору. Назва «Маргіналіс» ляжыць у канцэпцыі кнігі. Раман не мае класічнай структуры. Калі я пісаў яго, то акурат хацеў ахапіць палі – тыя падзеі і тых герояў, якія не з’яўляюцца цэнтральнай часткай, галоўнай, вакол якой разгортваюцца падзеі твора. Таму ў тэксце шмат герояў, геаграфічных кропак. Да таго ж, твор ахоплівае некалькі стагоддзяў, у якіх трэба не заблукаць.

k1

Акурат чытала твой раман з алоўкам у руках. Не толькі падкрэслівала важныя моманты ў кнізе, на якія варта звярнуць увагу, але і запісвала свае эмоцыі. Яны мяняліся гэтак жа хутка, як і падзеі, апісаныя ў творы. На 13 старонцы адчула ціск прасторы твайго «Маргіналіса» і перабольшаную хуткасць развіцця падзеяў. На 20 старонцы я была ў роспачы. На 51 мне хацелася закрыць кнігу і не адкрываць яе больш. На 55 я б званітавала, калі б усё ж не зрабіла перапынак у чытанні. Кірыл, навошта ты так здзекуешся са свайго чытача?

Па праўдзе, гэта здзек толькі з цябе, бо ў іншых чытачоў, з якімі я размаўляў, не ўзнікала такіх эмоцый. Ёсць розныя чытачы, і ў кожнага розны ўзровень камфорту чытання тэкстаў. Можа быць, некаторым патрэбен аўтар, які будзе весці іх за ручку. Таму ў моманты, калі адкрываецца занадта шмат прасторы і з’яўляецца свабода, хтосьці пачувае сябе некамфортна. Але з іншага боку, гэты момант нівеліруецца тым, што цяпер медыйная прастора вельмі насычана інфармацыяй, якая мільгаціць перад вачыма. Чытач новага пакалення, з «кліпавай свядомасцю», больш звыклы да гэтага, чым чытач-кансерватар.

Мноства падзей у рамане – гэта спроба заблытаць чытача, каб ён не чакаў ад аўтара дапамогі, а спрабаваў самастойна справіцца з маім тэкстам, які з’яўляецца выклікам.

Хтосьці, можа быць, не заўважае гэтага выкліку, таму яму цалкам камфортна чытаць напісанае. Твае негатыўныя эмоцыі ўспрымаю як пазітыўны паказнік. Бо, калі мастацкі твор выклікае пэўныя эмоцыі, нават не станоўчыя, гэта добра. Значыць, аўтар дасягнуў сваёй мэты – паўплываў на чытача.

У атмасферы страху і тэрору

unnamed-3

«Паўсюль былі сотні трупаў дарослых і дзяцей. Целы ляжалі так шчыльна, што на іх немагчыма было не наступіць. <…> Па ўсім целе цёк пот, рукі трэсла, да горла падступіла і яго званітавала проста на твар мёртвага немаўляці. Хістаючыся і дрыжучы, Карлас асцярожна ступаў на цела».
Кірыл Стаселька, «Маргіналіс».

Цягам усяго рамана я адчувала, як аўтар маніпулюе маім настроем. У першай сваёй кнізе «Дзіцячы маніфест», у апавяданні «Нататкі эксперыментатара», ты зрабіў эксперымент над іншай асобай, над героем апавядання. Там, карыстаючыся псіхалагічнымі фокусамі, пачаў кіраваць ім. А ў другой кнізе, у рамане «Маргіналіс» робіш эксперымент ужо над чытачом?

У «Дзіцячым маніфесце» ўсе тэксты песімістычныя, без шчаслівага канца. З аднаго боку, хачу пакінуць больш-менш адкрытую канцоўку, з другога боку не хачу, каб тэксты былі надта камфортнымі, цёплымі ці вясёлымі. Бо тады яны распесцяць чытача, які пасля прачытання твораў адчуе цяпло ў душы, пап’е гарбаты, паглядзіць, як прыгожа падае снег.

Станоўчыя эмоцыі чытача гэта хіба дрэнна?

У першай кнізе я хацеў наадварот, выклікаць негатыўныя пачуцці. Калі аўтар вырывае чытача з зоны камфорту, больш шанцаў, што чытач прарэфлексуе пэўныя рэчы. Што да «Маргіналіса», то тут сюжэтна так склалася, што ўсе героі, акрамя аднаго, паміраюць. Раман і кніга, пра якую ідзе ў ім гутарка – гэта люстэрка для чытача. Па сутнасці, героі спрабавалі змагацца з той загадкавай кнігай, зрабіць усё, каб разгадаць яе, хоць гэта было не магчыма ад пачатку. Аднак, усё роўна ахвяравалі сваім жыццём і прайгравалі. І толькі адзін герой, у канцы кнігі, зразумеў, што трэба імкнуцца разгадаць не кнігу, а самога сябе, звярнуць увагу на сябе. Такім чынам, у тэксце адбыўся самааналіз персанажа. Што да чытачоў, то тыя з іх прайгралі, як і героі рамана, хто спрабаваў знайсці разгадкі вонкі, хоць трэба было глядзець унутр самога сябе.

Прапануеш чытаць пра забойствы, катаванні, пра згвалтаванне дзяўчыны, якое апісваеш на некалькіх старонках. Чамусьці ў анатацыі пра гэтыя жахі, што разгортваюцца цягам усяго твайго рамана – ні слова. А толькі пра насычаны і захапляльны філасофскі раман. Як чытач, які свядома не згодны на паглынанне інфармацыі такога кшталту, пачуваю сябе падманутай.

Мне не здаецца, што кніга насычаная гвалтам і жорсткасцю, хаця яны там сапраўды прысутнічаюць. Я вылучу дзве дзеі – апісанне згвалтавання і знаходжанне аднаго з герояў у секце. Калі казаць пра раман цалкам, не такія ўжо і жорсткія там апісанні. Для мяне песімістычныя канцоўкі – каталізатар натхнення. На памылках і фрустрацыі герояў кнігі, чытач можа пашукаць натхненне для свайго ўласнага жыцця.

Людзі настолькі прызвычаіліся да жорсткасці, якую транслююць розныя медыя і мастацтва, што ўжо не ўспрымаюць усурёз наступствы яе тыражавання. Ты адчуваеш адказнасць за напісанае слова, за тое, чым яно адгукнецца ў грамадстве?

Я лічу, што гэта свабода чалавека – глядзець ці не глядзець тэракты і гвалт. Чалавек можа самастойна вызначаць сваю мяжу дапушчальнага паглынання інфармацыі. Іншыя асобы, хто ўжо прачытаў мой раман і падзяліўся са мною ўражаннямі, не акцэнтуюць увагу на жорсткасці, яны проста не заўважаюць яе. У сённяшнім свеце людзі сталі менш чулымі да эмоцый, як негатыўных, гэтак і пазітыўных. Бо трагічнага і камічнага вакол нас, у тым ліку ў медыях, – зашмат.

Родныя карані

unnamed-2

«З часам я зразумеў: нішто не вечна. Гэта натуральны ход гісторыі. Мовы, культуры, дзяржавы, падзеі і памяць пра іх з часам знікаюць, як і самі людзі. <…> А жыццё чалавека, чалавечая гісторыя – толькі малая частка таго, што існуе вакол. І калі-небудзь гэта ўсё знікне. Перад тварам сусвету, перад тварам вечнасці і бясконцасці мы – нішто».
Кірыл Стаселька, «Маргіналіс».

Кірыл, у чым адметнасць твайго рамана «Маргіналіс» у кантэксце беларускай літаратуры?

Мне падаецца, што адметнасць у эксперыментальнасці, у прыватнасці ў сюжэтна-структурнай. Беларускія аўтары пішуць пераважна пра Беларусь, дзеянні ў іх творах адбываюцца ў роднай краіне. Мне ж заўсёды хочацца ахапіць больш шырокі кантэкст, узяўшы розныя геаграфічныя кропкі, напрыклад.

Аднак, ты ўсё ж узгадваеш пра Беларусь. Разважаеш пра смерць каранёў і роднай мовы.

Мы занадта шмат марнуем сілаў на пустое нараканне ды самашкадаванне. Маўляў, мы такія адметныя ў сваім дрэнным моўным становішчы. Не, бо кожныя два тыдні ў свеце «памірае» адна мова. А за гісторыю знікла каля 9 тысяч моваў. Таму, у нас пакуль яшчэ не ўсё так дрэнна.

У сваім рамане я паказаў, як мова знікае, калі ў яе носьбітаў знікае супольная мэта. Супольная мэта – гэта погляд наперад, а не нараканне на мінулае. Плакацца і скардзіцца, як усё дрэнна не варта. Давайце лепей папулізіраваць родную мову, размаўляць на ёй. Не для кожнага мова ёсць каштоўнасць, таму і змагаюцца за яе не ўсе.

Як пісьменнік, што прапануеш рабіць беларусам з моўным пытаннем?

Я карыстаюся беларускай мовай, дзеля мяне – гэта каштоўнасць. Аднак, я не хачу штосьці прапаноўваць і тым больш навязваць свае думкі людзям. Для гэтага хапае мовазнаўцаў ды прамоўтараў.

Пытанне наконт чысціні тваёй мовы. У рамане шмат русізмаў, адруковак ды іншых хібаў, якія не выправілі карэктар ды рэдактар. Па-мойму, слова, якое трапляе да чытача, патрабуе больш беражлівага стаўлення да сябе.

Адрукоўкі былі і ў першай кнізе «Дзіцячы маніфест», але ў меншай колькасці ў параўнанні з раманам «Маргіналіс». Напэўна, гэтак адбылося з-за таго, што другую кнігу карэктаваў і рэдагаваў адзін чалавек. Думаю, гэтыя пытанні ўжо да выдавецтва. Як малады аўтар, не магу ж адразу правільна пісаць. Для таго і пішу, каб вучыцца выказваць свае думкі. Ідэальным адразу нічога не з’яўляецца. Да поспеху ёсць пэўны шлях.

Ці не падаецца табе, што чытач заслугоўвае гучання больш яскравай і чыстай беларускай мовы?

Можа і заслугоўвае. Гэта ў чытача трэба спытаць (смяецца). Можна напісаць калектыўны ліст выдаўцу, папрасіць яго больш уважліва ставіцца да рэдагавання кніг. Я лічу, што нескладаная мова, якой напісаны раман, гэта «плюс» для нязвыклых да беларускамоўнай літаратуры, чытачоў. Для іх гэтая кніга будзе больш зразумелая, чым мова з вычварэннямі ды элегантнасцямі. Я не прыхільнік моўнага красавання.

Ядзя Бурштынава, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары