Гара Гедыміна, дзе пахаваныя меркаваныя парэшткі Каліноўскага, можа абрынуцца


На паўднёва-ўсходнім схіле гары фармуюцца асяродкі напружання, у якіх пры неспрыяльных умовах надворʼя могуць фармавацца апоўзні, з-за чаго можа трэснуць альбо нават абрынуцца фрагмент Верхняга замку, дзе ўтварыліся расколіны шырынёй у сантыметр.

Разбурэнне спрабуюць перадухіліць, працы плануюць пачаць у гэтым годзе.

Прэмʼер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс 20 чэрвеня пасля наведання гары Гедыміна запэўніў, што ўрад неўзабаве прыме рашэнне ў сувязі з працамі па прывядзенню гары ў парадак, паведамляе ru.delfi.lt.

Ужо цяпер пачынаюць прыводзіць у парадак паўночна-заходні схіл. Кошт працаў – 2 860 000 еўра. На гэтым схіле таксама абсталююць сістэму назірання, каб сачыць за кожным рухам гары.

Агулам працы могуць каштаваць 5 мільёнаў еўра і расцягнуцца на 10 гадоў.

У лютым сёлета Беларусь ускалыхнулі звесткі аб тым, што літоўскія археолагі знайшлі на гары Гедыміна парэшткі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Цалкам імаверна, што адзін з пахаваных шкілетаў належыць самому кіраўніку паўстання Кастусю Каліноўскаму.

Адкрыць знаходку археолагам дапамагла стыхія, то бок чарговы апоўзень ля гары Гедыміна. Целы былі пахаваныя без трунаў і засыпаны вапнаю, а іх рукі былі звязаныя вяроўкамі. Гэта можа сведчыць пра тое, што парэшткі належаць пакараным смерцю праз павешанне. На дадзены момант стоадсоткава гэтую тэорыю пацвердзіць нельга.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў