Ганна Канапацкая: сістэму адукацыі трэба мяняць


Апазіцыйная дэпутатка збірае прапановы па зменах у беларускай адукацыі, каб накіраваць у парламент.

Прыйсці ў дзіцячы садок і атрымаць… інваліднасць. Чатырохгадовы пляменнік менчука Аляксандра падчас шпацыра атрымаў удар арэлямі па галаве, а выхавацелька не паспяшалася дапамагчы хлопчыку.

«Каб схаваць сваю глупства, яна не сказала бацькам, гэта было ў першай палове дня, ён не спаў, плакаў, вечарам яна сказала, што ён сам ударыўся на пляцоўцы. Калі дактары разабраліся, ужо позна было рабіць аперацыю. То бок ён цалкам згубіў слых», – распавядае Аляксандр.

Такія трагедыі сведчаць пра сістэмныя праблемы беларускай адукацыі, і пачынаюцца яны яшчэ пры прыёме ў педуніверсітэт, лічыць настаўніца матэматыкі Валянціна Ігнаценка:

«Набіраюць студэнтаў па рэшткавым прынцыпе – тых, хто ў асноўным не паступіў на больш прэстыжныя спецыяльнасці, тых, у каго нізкія балы».

На думку Валянціны Ігнаценкі, хібаў хапае і ў самой школьнай сістэме: настаўнікі апроч навучання мусяць вырашаць гаспадарчыя праблемы ды браць на сябе папяровую працу, а настаўнік мусіць у першую чаргу вучыць.

Міністэрства адукацыі сёлета плануе ўнесці чарговыя змены ў Кодэкс аб адукацыі. Грамадскія ініцыятывы кшталту Таварыства беларускай мовы неаднаразова дасылалі свае прапановы зменаў, але чыноўнікі іх праігнаравалі. Прабіцца скрозь гэты мур вырашыла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад апазіцыі Ганна Канапацкая.

«Нашая адукацыя, асабліва вышэйшая, не суадносіцца з патрабаваннямі, якія прадʼяўляе сёння эканоміка краіны, паглядзіце: у нас шмат бухгалтараў і юрыстаў, але няма якасных інжынераў, значыць, трэба змяняць і сістэму вышэйшай адукацыі, і сістэму пачатковай адукацыі», – мяркуе Ганна Канапацкая.

Каб выслухаць ды сабраць прапановы ад усіх зацікаўленых у зменах, дэпутатка зладзіла адмысловае спатканне ў Менску. Што праўда, чыноўнікі да сустрэчы, прысвечанай зменам у кодэксе аб адукацыі, гэтак і не далучыліся.

«Самае лепшае, што можна зрабіць з гэтым кодэксам – гэта яго выкінуць. І напісаць новы, кароткі, сучасны закон, які б вельмі дакладна размяркоўваў правы і абавязкі мясцовай улады, даваў бы магчымасць самакіравання», – кажа намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

Сабраныя прапановы Ганна Канапацкая накіруе непасрэдна ў парламент.

Чытайце таксама:

Настасся Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў