Ганна Бабінец: без спецслужбаў арганізаваць забойства Шарамета было немагчыма


Ганна Бабінец

Суаўтарка расследавання забойства Паўла Шарамета, журналістка праекту Громадского «Слідство.Інфо» Ганна Бабінец распавяла «Белсату», за што маглі забіць журналіста, ці існуе беларускі след у гэтай справе і якая інфармацыя не ўвайшла ў фільм «Забойства Паўла».

Рэдакцыя расследаванняў Громадского «Слідство.Інфо» сумесна з журналістамі OCCRP прадставіла фільм-расследаванне аб забойстве Паўла Шарамета 10 траўня. Адна з асноўных высноваў фільма: за Паўлам Шараметам вялося сачэнне, а ў ноч перад забойствам, калі пад машыну журналіста заклалі выбуховае прыстасаванне, побач з ягоным домам быў заўважаны былы ці дзейны супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка.

У гадавіну забойства Шарамета «Белсат» пагутарыў з суаўтаркай журналістскага расследавання Ганнай Бабінец.

– Пасля публікацыі фільма «Забойства Паўла» прайшло больш за два месяца. Ці падштурхнула ваша праца афіцыйнае расследаванне? Як наогул вы ацэньваеце рэакцыю праваахоўнікаў?

– Рэакцыя была розная. СБУ дастаткова непаважліва выказалася наконт журналістаў. Паліцыя адрэагавала больш адэкватна – нас паклікалі на сустрэчу з той камандай, якая вядзе расследаванне забойства Шарамета. Мы вусна абменьваліся інфармацыяй.

Практычна ўсе афіцыйныя асобы тым ці іншым чынам пракаментавалі нашае расследаванне. Агучвалася думка, што, маўляў, журналісты атрымалі такую важную інфармацыю і замест таго, каб прынесці яе ў паліцыю, знялі фільм – вось якія кепскія журналісты! Нас абвінавачвалі ў несвядомай грамадзянскай пазіцыі. Гэта даволі смешна, бо ва ўсіх цывілізаваных краінах функцыя журналіста – кантраляваць уладу. А паралельнае расследаванне гэта і ёсць спосаб кантраляваць уладу. З іншага боку ўсе кіраўнікі праваахоўных ведамстваў прызналі, што афіцыйнае следства або дапусціла памылку або недапрацавала, і цяпер следства ўлічыць гэтыя матэрыялы. То бок тое, што мы знайшлі, было прызнанае з іх боку важным. Праз некалькі дзён пасля выхаду фільму быў дапытаны агент СБУ Ігар Усціменка.

– Асоба Ігара Усціменка была фактычна галоўным пунктам вашага расследавання. Ці ўдалося за гэтыя два месяца даведацца штосьці новае пра яго?

– Адразу пасля дэманстрацыі фільму спікер СБУ апублікавала пост на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, дзе адзначыла, што Усціменка сапраўды працаваў у Службы бяспекі Украіны ў Адэскім упраўленні, але 29 красавіка 2014 года звольніўся па ўласным жаданні. Інфармацыю на гэты конт потым запрошвалі і журналісты, і дэпутаты, але ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі гэтыя словы апублікавана не было. У адказе Службы бяспекі была такая фармулёўка – Усціменка быў звольнены ў «вайсковы рэзерв СБУ». Але закон пра тое, што такое рэзерв СБУ засакрэчаны, ён толькі для службовага выкарыстання. Невядома, ці лічыцца чалавек у гэтым рэзерве супрацоўнікам, якія ў яго правы, ці мусіць ён з’яўляцца па першаму выкліку і г.д.

– Прыходзілася чуць наступнае: спецслужбы напэўна праводзяць сакрэтную аператыўную праверку ўсіх, хто прыехаў з Расеі, таму нават калі дзейны агент СБУ сачыў за Шараметам, то гэта яшчэ нічога не значыць. Як вы ставіцеся да такога меркавання?

– Каб атрымаць санкцыю на сачэнне ці праслухоўванне, трэба мець рашэнне суду. Нейкая нагода мусіць быць. Тое, што чалавек прыехаў з Расеі – гэта яшчэ не можа быць нагодай. У нас шмат людзей прыехала з Расеі і я не чула, каб за імі сачылі. То бок у нас няма такога правіла.

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня ў цэнтры Кіева.

– Вашае журналісцкае расследаванне працягваецца. Ці знайшлі вы нейкія новыя факты з моманту публікацыі фільму «Забойства Паўла»?

– За гэты час мы атрымалі новая дадзеныя і яны вельмі розныя. Нам перадавалі канверты, нам нешта дасылалі, прызначалі сустрэчы… Частка інфармацыі, як мы мяркуем, была толькі для таго, каб нас заблытаць. Але праца працягваецца.

– Адразу пасля забойства Шарамета выказвалася версія, што гэта мог быць замах на ўладальніцу інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Алёну Прытулу, бо Шарамет загінуў менавіта ў яе аўтамабілі. Наколькі рэалістычная версія, што гэта быў калі не замах менавіта на Прытулу, то прынамсі ціск на яе праз забойства Паўла?

– Наколькі мне вядома, паліцыя цяпер не разглядае гэтую версію – яны прыйшлі да высновы, што мэтай быў менавіта сам Шарамет. Але сапраўды, калі я асабіста толькі даведалася пра забойства Паўла, першай маёй думкай, як журналіста, было тое, што гэта ўсё ж нейкі сігнал Прытуле. Бо нельга сказаць, каб у Шарамета былі ворагі, і ён, вядома, не быў так глыбока пагружаны ва ўсе ўкраінскія працэсы, як Прытула, якая заснавала «Украінскую праўду». Першая мая думка была, што Шарамет не мог зрабіць, не мог валодаць такой інфармацыяй за што яго можна было забіць. Падчас расследавання мы не знайшлі такога матэрыялу, над якім ён працаваў і за які яго можна было забіць.

Праўда, ёсць інфармацыя, што існавала банкаўская ячэйка, дзе ляжаў нейкі матэрыял і ў дзень забойства яе вычысцілі пад нагодай выемкі ўсіх рэчавых доказаў. Але мы не ведаем ні дзе была гэтая ячэйка, ні што там было.

Ганна Бабінец

– Камітэт абароны журналістаў (CPJ) у сваёй справаздачы адзначае, што да забойства Паўла Шарамета могуць датычныя і спецслужбы Расеі, і Украіны, і Беларусі, і ўкраінскія нацыяналістычныя сілы. А якая версія забойства вам падаецца найбольш праўдападобнай?

– Гэта вельмі складанае пытанне, мы атрымалі надта шмат супярэчлівай інфармацыі. Асабіста я перакананая, што без спецслужбаў арганізаваць гэта было немагчыма. Забойства было спланаванае вельмі дакладна. Быў разлік, каб гэта быў выбух у цэнтры, каб гэта былі кадры, якія прадэманструе ўвесь свет. То бок сам спосаб арганізацыі злачынства сведчыць пра тое, што гэтым займаліся прафесіяналы.

У СБУ доўгі час было шмат супрацоўнікаў былі прарасейскімі, шмат хто працаваў на Расею за грошы або за пераканання. Такія людзі ёсць у СБУ і цяпер. Таму цяжка зразумець, хто ў чыіх інтарэсах працуе. Гэта былы супрацоўнік СБУ, які даўно працуе на ФСБ? Або ён пачаў працаваць на ФСБ пасля таго, як звольніўся? Або яшчэ нешта? Праўда, ніякіх слядоў спецслужбаў Беларусі мы не знайшлі.

– Падчас нашай мінулай размовы вы казалі, што падчас расследавання вы атрымалі інфармацыю, што жанчына, якая мела дачыненне да закладання выбухоўкі ў машыну Шарамета, або прыехала з Беларусі або перасякала мяжу з Беларуссю незадоўга да забойства. Адкуль з’явіліся гэтыя дадзеныя? І ці атрымалі вы нейкую новую інфармацыю на гэты конт?

– У нас былі пэўныя крыніцы ў праваахоўных органах. На дадзены дзень, як вядома, асобы мужчыны і жанчыны, якія закладалі выбухоўку ў машыну Шарамета, не ўстаноўлены. Наколькі я ведаю, падазраваных па гэтай справе няма. Але падчас расследавання паліцыя спрабавала распазнаць на камерах гэтых людзей, яны знайшлі адну падобную жанчыну на запісах і праверылі яе. То бок нейкая жанчына, якая магла быць той жанчынай, якая закладала выбухоўку, незадоўга да гэтага перасякала беларускую мяжу. Хто канкрэтна гэтая жанчына, што з ёй было далей, і ці сапраўды яна закладвала выбухоўку – мы не ведаем. Гэта было з серыі – тысяча версіяў. І ніякай інфармацыі на гэты конт з іншых крыніц мы не атрымалі.

– З забойства Паўла Шарамета мінуў год, але дагэтуль няма ні выразнай версіі, ні падазраваных у гэтым злачынстве. Ці верыце вы, што гэтая справа будзе раскрытая?

– Мне б хацелася ў гэта верыць. Але проста верыць недастаткова – трэба нагадваць і ціснуць. У мяне такое ўражанне, што праз пару месяцаў пасля забойства паліцыя выключыла гэтую справу з сваіх прыярытэтаў, бо прыйшлі іншыя справы, праблемы, ідзе рэформа і г.д. Прымусіць іх уключыць справу Шарамета ў спіс сваіх прыярытэтаў можна толькі праз ціск, праз тое, што на кожнай прэс-канферэнцыі будуць задаваць адпаведнае пытанне. Мы бачым, што асаблівага жадання добра рабіць сваю працу ў следчых няма, таму трэба іх прымусіць.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары