«Гандлявацца з Захадам, каб далі грошай». Беларускія журналісты – закладнікі уладаў


Праца беларускага незалежнага журналіста – заўсёды быць прыгатаваным да адказу ў таемнай вайне, абвешчанай уладамі.

Калі затрыманні, запужванні і штрафы не дапамаглі, у хаду напярэдадні пайшло невядомае хімічнае рэчыва. Наш калега з Гомля Канстанцін Жукоўскі рабіў сюжэт пра падазрэнне свіное чумы, але з прыкметамі атручання трапіў у шпіталь.

«Супрацоўнікі міліцыі і практычна ўся ўлада не жыве паводле законаў. Яны жывуць па панятках. Прыбягае невядомы чалавек з балонам невядомага рэчыва і пачынае абліваць з ног да галавы. Стаяць супрацоўнікі міліцыі і ніяк не рэагуюць. Гэта азначае, ці ўжо дадзеная адмашка на адстрэл незалежных журналістаў і апазіцыянераў, ці тое, што без указкі зверху яны ўжо нічога не могуць зрабіць», – зазначыў Кастусь.

Гомельскі журналіст стаўся абсалютным рэкардсменам рэпрэсіяў

А менавіта – па колькасці штрафаў за працу без акрэдытацыі. Толькі за апошнія тры гады яго штрафавалі 17 разоў на агульную суму, паводле сённяшняга курсу, больш за $ 6 тыс.

Такі рахунак за дзясяткі відэасюжэтаў. А гэта і пра крызіс на заводзе «Гомсельмаш». І мальба пра дапамогу жыхароў Рэчыцы. І выміранне беларускіх вёсак. Жукоўскі заўсёды там, дзе гучаць вялікія праблемы маленькага чалавека. Апошні штраф – за сюжэт пра нелегальны выкід адкідаў са свінакомплексу – журналіст атрымаў завочна. Калі гаварыць зрабілася немагчыма, журналіст проста зашыў сабе рот.

Сястра па няшчасці

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова атрымала на чарговым судзе штраф Br 805. Артыкул той жа – праца без акрэдытацыі.

За апошнія тры гады яе штрафавалі дзесяць разоў у эквіваленце амаль на $ 3 тыс. Таксама былі пагрозы адабраць сына сацыяльнымі службамі.

Сёння журналістка прыйшла з часныком, каб выгнаць злых духаў з суда. На мінулае паседжанне яна прыходзіла з пятлёю на шыі як сімвалам ейнае штодзённае працы.

Калі прыгледзецца да штрафаў, якія прыводзіць у маніторынгу Беларуская асацыяцыя журналістаў, атрымаецца, што за апошнія тры гады з 63-х штрафаў толькі 10 не датычылі супрацы з нашым тэлеканалам.

Спіс увесь час дапаўняецца. А нашыя калегі кожную раніцу выходзяць на працу, хаця ніколі не ведаюць, што будзе ўвечары.

Сяргей Падсасонны, фота – Ганна Кавальчук

Стужка навінаў