Гамяльчук уваходзіць у транс з дапамогай народнага танца


Зміцер Тарасаў літаральна «захварэў» народнымі танцамі

На «Ночы танцаў» у межах сёлетняй Ночы музеяў у Гомлі выступілі ўдзельнікі «Школкі народнага побытавага танца». Танцоры, разам з ахвотнымі гамельчукамі танчылі падэспань, кракавяк, польку-бабачку ды лявоніху. Школка з’явілася ў абласным цэнтры крыху больш за год, дзякуючы намаганням яе нефармальнага кіраўніка Змітра Тарасава. У размове з Ларысай Шчыраковай З5-гадовы гамяльчук, інжынер па прафесіі, які некалькі гадоў таму не меў аніякага дачынення да народнага танца, распавядае, што не ўяўляе свайго жыцця без яго.

Зміцер, як ты стаў зацятым папулярызатарам народнага танца?

Для мяне самога гэта загадка. Я ніколі не цікавіўся танцамі, не хадзіў у гурткі, не танчыў на дыскатэках, але неяк тры гады таму стрэльнула мне ў галаву думка – ну як так іншыя народы – тыя самыя каўказцы, напрыклад, цыгане ведаюць свае танцы, а мы – беларусы не. Так мне стала крыўдна і маркотна ад гэтай думкі. Стаў я шукаць дзе б і мне навучыцца народнаму танцу.

19 траўня 2018 года. Пляцоўка ля філіялу Веткаўскага музею стараабрадніцтва і народнай творчасці ў Ноч музеяў

Інфармацыі ў інтэрнэце на той момант было вобмаль. На маё шчасце, я трапіў на адну імпрэзу ў філіял Веткаўскага музею народнай творчасці, і там пабачыў як моладзь – сябры маладзёвай суполкі «Талака» – танчаць народныя побытавыя танцы. Далучыўся да іх, стаў вучыцца танцаваць. Я літаральна «захварэў» народнымі танцамі.

Якія танцы вы танчыце?

У нас каля 30 танцаў. Усе яны пераважна з Гомельшчыны – падэспань, сербіянка, месяц, базар, кракавяк, яблычка, васадулі, карапет, полька-матылёк, лявоніха, грачанікі, вальс, матлёт ды іншыя.

Зміцер Тарасаў кажа, што калі шмат людзей у адным рытме пачынаюць выстукваць рытм, яны «літаральна ўваходзяць у транс»

Многія танцы мы танчым у розных варыянтах. Частка танцаў была ўзятая з талакоўскіх і музейных архіўных матэрыялаў, некаторыя я сам запісаў падчас экспедыцый.

Хто ходзіць у школку побытавага танца? Дзе вы збіраецеся?

Мы спачатку рэпетавалі ў філіяле Веткаўскага музею народнай творчасці, але аднойчы, там выстаўляліся іконы старыя, ля якіх не тое, што танчыць, дыхаць трэба было праз раз, і мы вырашылі здымаць памяшканне пад нашыя рэпетыцыі. Цяпер мы скідваемся грашамі і збіраемся ў клубе «Атмасфера».

Сярод удзельнікаў школкі і міліцыянты і банкаўскія працаўнікі, рабочыя, пенсіянеры.

Агулам, каля 20 чалавек ходзяць на штотыднёвыя рэпетыцыі. Людзі рознага ўзросту, ад 20 да 55 гадоў.

Паводле Змітра Тарасава, танец – гэта перадусім абмен энергіяй

Чым адрозніваецца побытавы народны танец ад сцэнічнага танцу?

Народны танец, канешне, не разлічаны на выступы на сцэне, ён для сябе. У ім шмат дробных рухаў, якія папросту не бачны са сцэны. Сцэнічны танец утрыраваны, гэта фактычна акрабатыка, трэба высока скакаць. Побытавы ж танец камерны, – гэта фактычна адносіны паміж мужчынам і жанчынай, якія кружацца ў віхуры, абменьваюцца энергіяй. Ён інтымны, таму мы не імкнемся шмат выступаць, бо тады разбураецца магія танца.

19 траўня 2018 года. Ноч музеяў на пляцоўцы перад філіялам Веткаўскага музею стараабрадніцтва і народнай творчасці

Што для цябе народны танец?

Гэта, перадусім, зарад энергіяй каб жыць, развівацца. Зараз вельмі модны ўсялякія заморскія тэхнікі, практыкі медытатыўныя, а навошта чужое, калі ёсць жа танец беларускі, народны – калі шмат людзей у адным рытме пачынаюць выстукваць рытм, яны літаральна ўваходзяць у транс, здымаюцца энергетычныя заціскі, падвышаецца настрой, жыццё пачынае граць новымі фарбамі.

Гутарыла Ларыса Шчыракова. Фота аўтаркі

Стужка навінаў