Гамельчукі выжываюць на $ 75 у месяц


Ёсць такі анекдот пра дырэктара заводу: ён і заробкі затрымліваў, і працоўны тыдзень скарачаў, а рабочыя на працу ўсё ходзяць і ходзяць. Можа, варта з іх аплату за ўваход браць?

У гэткім анекдоце жывуць і працаўнікі гомельскага прадпрыемства «Цэнтраліт». Асобныя цэхі перайшлі на трохдзённы працоўны тыдзень. На Новы год працаўнікі пайшлі на канікулы – у адпачынак за свой кошт. Не дапамагло: склады забітыя прадукцыяй, грошай няма.

«У нас на »Цэнтраліце« працуюць і выжываюць у асноўным бессямейныя, каторыя нежанатыя, халастыя. А ў каго сямʼя – усе сыходзяць адтуль», – распавядае Рыгор Лукашук, былы працаўнік ААТ «Цэнтраліт».

Ну а як пракарміць сямʼю, калі заробак майстра – тры мільёны? Але Рыгор не сышоў сам.

«Скарацілі. Сказалі: альбо працуй на трох пасадах: майстрам, электрыкам і слесарам-сантэхнікам, альбо мы цябе скароцім. Ну ў мяне спецыяльнасці электрыка не было», – дадае Рыгор Лукашук.

Ад працаўнікоў, асабліва пенсіянераў, прадпрыемствы пазбаўляюцца лёгка, дзякуючы прымусовай кантрактнай сістэме. Яе ўвялі, каб рабочыя баяліся пратэставаць.

«Кантрактная сістэма выгодная дзяржаве, выгодная наймальнікам, працадаўцам. Бо яны, як удзельныя князькі, маюць права разысціся з любым працаўніком па сканчэнні кантракту, не тлумачачы прычынаў», – тлумачыць праваабаронца Леанід Судаленка, Гомель.

Таму трываюць і ходзяць на працу моўчкі. Ахоўнік гомельскага Будаўнічага ўпраўлення № 118 кажа, што там з Новага года цэлымі аддзеламі людзі перайшлі на двухдзённы працоўны тыдзень. Няма замоваў на пабудову абʼектаў – упраўленне стаіць. Сам ён выжывае на Br 1.5 млн. у месяц.

«Мне 58 гадоў. Хто мяне возьме? Куды я пайду? Цяпер моладзі няма куды дзявацца», – дзеліцца ахоўнік Аляксандр.

На гомельскай біржы працы аншлаг і безнадзейнасць. Беспрацоўных больш, чым вакансіяў.

«Я ўжо 8 месяцаў хаджу на біржу і ніякай працы. Адпраўляюць, прыходжу, а там вакансіяў няма. Кажу: дык што вы тады адпраўляеце?», – кажа гамяльчук.

«Я пайшоў цяпер вучыцца, бо вакансіяў няма», – прызнаецца мінак. «Раней у будаўнічай канторы быў. Яна пайшла на ліквідацыю. Абанкруцілася. Не трэст, прыватная кантора, ООО», – зазначае мужчына.

Гэта агульная тэндэнцыя для рэгіёнаў. У Магілёўскай вобласці, як адзначае эканаміст Пётр Мігурскі, таксама закрываюцца прыватныя фірмы, не кажучы пра «іпэшнікаў». Прыватны бізнес папросту задушаны падаткамі, правіламі, законамі ды прэзідэнцкімі ўказамі. Абʼёмы вытворчасці знізіліся і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці.

«Звужаюцца рынкі збыту, зніжаюцца абʼёмы валютнай выручкі, на сёння вельмі высокая дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў. Грошы не паступаюць на іх разліковыя рахункі, такім чынам звужаецца магчымасць для развіцця вытворчасці і зноў-такі выплаты заробкаў», – мяркуе эканаміст Пётр Мігурскі.

Прычына крызісу, апроч неэфектыўнасці нашай зарэгуляванай эканомікі, ляжыць побач, за ўсходняй мяжой. Калі ў Расеі пачаліся праблемы ў гаспадарцы, то і нашыя абвастрыліся. Дык ці варта было гэтак моцна з ёй звязвацца?

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў