Гамельчукі супраць «пераробкі» гістарычнага цэнтру, дамагаюцца грамадскіх слуханняў


Подпісы за «абарону зялёных вуліцаў Гомля» накіравалі ў гарвыканкам ды ў Адміністрацыю кіраўніка краіны.

Яны збіраліся праз сайт Zvarot.by, агульная колькасць склала каля 600 подпісаў.

У адпаведнасці з планам рэканструкцыі на вуліцах Пралетарскай і Інтэрнацыянальнай, што ў гістарычным цэнтры гораду, прыйдзецца правесці вырубку дрэваў – каб пашырыць прастор для аўтаў.

У сваю чаргу высяканне дрэваў пагражае не толькі экалагічнай сітуацыі, але і захаванасці ўнікальных архітэктурных помнікаў – сядзібаў стараабрадцаў.

«Горад ператвараецца ў хуткасную магістраль, горад быццам гэта аўтастрада. Быццам гэта не месца людзей, якія мусяць гуляць пад дрэвамі, дыхаць звычайным паветрам», – такое меркаванне нядаўна агучыла ў размове з «Белсатам» гамяльчанка Яўгенія Парашчанка.

Рэканструкцыя закране і плошчу Леніна: тут пабудуюць два падземныя пераходы. Аднак, паводле архітэктара Сяргея Ляпіна, такое радыкальнае ўмяшанне ў гістарычны ландшафт плошчы – недапушчальнае.

«Яна мае вельмі даўгую гісторыю, на ёй было шмат абʼектаў, і ў першую чаргу пры будаўніцтве падземных пераходаў на ёй пад пагрозаю знішчэння трапляюць фундаменты, якія знаходзяцца пад асфальтам плошчы. І пры будаўніцтве гэтых пераходаў аднаўленне напрыклад знакамітага гомельскага касцёла, які пабудаваў у пачатку 19-га стагоддзя пабудаваў Джон Кларк, становіцца нерэальным», – адзначыў архітэктар у каментары «Белсату».

Праект адбудовы на плошчы касцёлу Унебаўзяцця Панны Марыі, які перад вайною знішчылі бальшавікі, краязнаўцы прэзентавалі нядаўна: з 3D-мадэлямі і прапановамі, як размясціць будынак на плошчы. Але, відаць, такія праекты для ўладаў малапрыбытковыя. Прасцей ператварыць горад у транспартавую развязку, транзітную магістраль і адну вялікую паркоўку.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў