Галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч сышоў у адстаўку


Футбольны клуб БАТЭ афіцыйна пацвердзіў адстаўку Аляксандра Ермаковіча з пасады галоўнага трэнера каманды.

Як гаворыцца ў заяве клубу, спецыяліст вырашыў пакінуць клуб, з якім ён быў звязаны з канца 1997 года. Сам Ермаковіч у развітальным слове адзначыў:

«Надышоў той момант, калі я прыйшоў да высновы, што для руху наперад трэба нешта мяняць у жыцці. Таму і вырашыў расстацца з БАТЭ. Упэўнены, так будзе лепш і клубу, і мне».

Імя новага трэнера ФК БАТЭ не называе, але паводле неафіцыйнай інфармацыі, перадае euroradio.fm, ім можа стаць Алег Дулуб.

11 сезонаў Ермаковіч быў у барысаўскай камандзе палявым гульцом. Пасля завяршэння сезону 2004 года ён стаў капітанам каманды і быў ім да завяршэння кар’еры гульца ў 2008 годзе. У якасці гульца ён быў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі (1999, 2002, 2006, 2007, 2008), уладальнікам Кубка краіны (2006), срэбраным (1998, 2000, 2003, 2004) і бронзавым (2001) прызёрам чэмпіянату краіны, чатыры разы ўключаўся ў сімвалічную зборную чэмпіянату (1999, 2002, 2006, 2007).

Трэнерам каманды ён стаў у кастрычніку 2013 года. За чатыры гады самастойнай працы ён выйграў з БАТЭ 10 трафеяў: пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі, адзін раз – уладальнікам Кубка, 4 – уладальнікам Суперкубка Беларусі. Таксама ён двойчы выводзіў БАТЭ ў групавыя турніры Лігі чэмпіёнаў (2014, 2015) і Лігі Еўропы (2017). У 2015 годзе Ермаковіча прызналі найлепшым трэнерам Беларусі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў