Галоўная рэдактарка БелаПАН затрыманая па «справе БелТА»


9 жніўня Ірына Леўшына не прыйшла на працу, а ейны мабільны адключаны, паведамляюць naviny.by.

Яе затрымалі працаўнікі Следчага камітэту (СК) у межах «справы БелТА». Пра гэта Следчы камітэт паведаміў у сваім Telegram’е.

У кватэры Леўшыной адбыўся ператрус, паведаміў у Facebook’у гендырэктар БелаПАН Алесь Ліпай. Працаўнікі СК ускрылі сістэмны блок ейнага камп’ютара.

Нагадаем, што 7 і 8 жніўня ў офісах TUT.BY, БелаПАН адбыліся ператрусы. СК расследуе крымінальную справу (арт. 349) аб незаконным доступе да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Паводле афіцыйнай версіі, карыстальнікі платнай падпіскі БелТА паскардзіліся на перабоі ў працы – кіраўніцтва дзяржаўнага агенцтва звярнулася ў міліцыю. Неўзабаве пасля гэтага пачаліся затрыманні журналістаў і ператрусы.

7 жніўня былі затрыманыя 10 журналістаў і рэдактараў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Людміла Чэкіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак, Яўгенія Беразюк. Палову з іх адпусцілі ўвечары.

8 жніўня СК затрымаў 3 журналістаў парталу Realt.by (Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская) і галоўнага рэдактара гэтага выдання Уладзіслава Кулецкага, а таксама рэдактара сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава і карэспандэнта «Deutsche Welle» Паўлюка Быкоўскага.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў