Галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя: шэрых будынкаў не павінна быць


Іван Канаразаў прапаноўвае фарбаваць будынкі ў пазітыўныя колеры, бо «шэрасць негатыўна адбіваецца на ўспрыманні навакольнага свету».

Пра негатыўныя фактары гарадскога асяроддзя ён распавёў на прэс-канферэнцыі «Псіхічнае здароўе насельніцтва і фактары рызыкі, абумоўленыя ўрбанізацыяй».

«Адным з такіх фактараў зʼяўляецца шум. Банальны шум вялікіх гарадоў, які мы штодня чуем. Чым яго больш, тым вышэй рызыка ўзнікнення розных захворванняў, пачынаючы ад простага павышэння халестэрыну ў крыві і сканчаючы вострымі псіхічнымі разладамі», – распавёў Іван Канаразаў.

Ён назваў гарадское асяроддзе ненатуральным для біялагічнага арганізму.

«Да хвароб прыводзяць шум, вібрацыі, пыл, забруджванне паветра. І не толькі да саматычных разладаў. Сацыяльнае напружанне, тэмп жыцця і хуткасць прыняцця рашэнняў прыводзяць і да злоўжывання рознымі псіхаактыўнымі рэчывамі, павышэнню трывожнасці ў насельніцтва ў цэлым. Адбываецца гэта таму, што чалавек, пражываючы ў хранічным стрэсе, спрабуе справіцца з ім».

На гэтым фоне павялічваецца колькасць сямейных скандалаў.

У якасці прафілактыкі псіхічных разладаў выкліканых урбанізацыяй, чыноўнік прапаноўвае выезды на прыроду і павышэнне фізічнай актыўнасці.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў