Галоўны металург і яшчэ некалькі супрацоўнікаў МТЗ затрыманыя ў рамках справы ўкраінскага топ-менеджара


Беларускімі праваахоўнымі органамі затрыманы намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы металургічнай вытворчасці – галоўны металург МТЗ Андрэй Карась і яшчэ некалькі супрацоўнікаў трактарнага заводу.

«На заводзе затрымалі групу з некалькіх чалавек, якія за адпаведнае ўзнагароджанне куплялі ліцейныя матэрыялы. Група дзейнічала даўно. Пры гэтым якасць сыравіны часам выклікала пытанні», – сказаў ананімны суразмоўца TUT.BY. Паводле ягоных слоў, адным з затрыманых з’яўляецца галоўны металург МТЗ Андрэй Карась.

Яшчэ адна крыніца паведаміла, што падзеі на МТЗ – гэта працяг гісторыі з затрыманнем украінскага топ-менеджара.

«Адны патрабавалі [адкат], іншыя давалі», – сказаў ён.

На мінулым тыдні стала вядома, што беларускія спецслужбы затрымалі кіраўніка прадпрыемства ПАО «Завод уцяжарвальнікаў» (г.Канстанцінаўка Данецкай вобласці) Аляксандра Скібу. Топ-менеджэр прыбыў у Менск 15 лістапада ў камандзіроўку на перамовы з ААТ «Менскі трактарны завод», з якім ва ўкраінскага прадпрыемства існуе дамова аб пастаўках прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці беларускага завода. У Менску Скібу затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў