«Галадамор. Жывыя». Прэм'ера на «Белсаце»


Сёння ўвечары наш тэлеканал пакажа дакументальны фільм Сяргея Букоўскага. Стужка закранае трагічныя старонкі ўкраінскай гісторыі – Галадамор 1932 – 1933 гадоў.

«Галадамор. Жывыя», рэжысёр Сяргей Букоўскі, Украіна, 2008.

Яны былі дзецьмі, калі ў іхных бацькоў аднялі ўсё. Саветы асудзілі сялянаў, якія жылі ды працавалі на самых урадлівых глебах у свеце, на галодную смерць. Толькі цяпер ацалелыя распавядаюць пра перажытае: пра тое, як іхных бацькоў цягнулі ў «светлую будучыню», як у іх адбіралі апошняе, як выміралі іхныя вёскі.

І як ім – насуперак усяму – удалося выжыць. «Лепш бы мы не нараджаліся…» – кажа адзін са сведкаў…

У 1932–1933 гадах падсавецкая Украіна перажыла найбуйнейшую трагедыю ў сваёй гісторыі – Галадамор. Камуністычны рэжым хацеў пакараць непакорных украінскіх сялянаў і такім чынам канчаткова «развязаць украінскае нацыянальнае пытанне». У адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік, тут гвалтам забіралі усё: не толькі запасы збожжа ды насенны фонд, але ўсё ядомае. Дарогі ў гарады, дзе можна было набыць хоць што-небудзь, блакаваліся, гандляваць ежаю і прамысловымі таварамі забаранялася. У той час ва Украіне ад голаду паміралі штохвіліну 17 чалавек…

Паглядзець фільм можна будзе а 22:25 у нашым эфіры альбо онлайн на нашай старонцы.

Стужка навінаў