Галадае Саўчанка – галадае Еўропа


Шэраг еўрапейскіх чыноўнікаў аб’явілі галадоўку на знак падтрымкі ўкраінскай лётчыцы. Пра гэта ў сваім «Твітэры» напісаў дэпутат Еўрапейскага парламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус, які распачаў акцыю.

«Група ў падтрымку Украіны ў Еўрапарламенце заклікае расейскага пасла Чыжова паважаць міжнародныя стандарты і вызваліць Саўчанка. Сёння я абвяшчаю галадоўку».

Галадоўка будзе аднадзённай, у пятніцу Пятрас Аўштравічус перадасць эстафету сваім калегам. Да таго кожны дзень кожны еўрапарламентар будзе дасылаць ліст амбасадару Расеі.

Як распавёў адвакат украінскай лётчыцы ў інтэрвю радыё «Свабода», Надзея Саўчанка, захопленая прарасейскімі сепаратыстамі ў баях на ўсходзе Украіны, у вельмі дрэнным стане.

«Пергамэнтная скура, запалыя шчокі, вопратка на ёй як на вешалцы», – адвакат Мікалай Полазаў аб стане Надзеі Саўчанкі праз 55 дзён пасля пачатку яе галадоўкі пратэсту ў расейскім СІЗА.

Па словах Саўчанкі, яе скралі і таемна пераправілі ў Расею. Згодна з версіяй Масквы, лётчыца трапіла ў РФ пад выглядам уцякачкі, пасля чаго была затрыманая. Расейскі бок падазрае Надзею Саўчанку ў забойстве двух расейскіх журналістаў.

Лётчыца абвясціла, што «пойдзе да канца» і працягне галадоўку да таго часу, пакуль яе не прызнаюць невіноўнай і не вернуць на радзіму.

На вызваленні Саўчанкі настойвае і Белы Дом. Прадстаўніца Дзярждэпартаменту ЗША Джэн Псакі заявіла, што яе павінны выпусціць згодна з Менскімі дамоўленнасцямі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў