Гадавіна Рэвалюцыі годнасці ва Украіне


Роўна год таму на Майдан вышлі некалькі сотняў асобаў – пратэставаць супраць здрадніцкага кроку Януковіча, які заявіў, што не будзе падпісваць асацыяцыю з Еўразвязам. Пратэст, які перарос у рэвалюцыю і назаўсёды змяніў Украіну.

«Прыходзьце гарбаты папіць»

Тагачасны Урад, поўнасцю падкантрольны Віктару Януковічу, пастанавіў замарозіць падрыхтоўку да асацыяцыі з Еўразвязам і адначасова з гэтым узнавіць актыўную супрацу з краінамі Мытнага звязу і Расеяй у прыватнасці. Хоць раней улады неаднаразова падкрэслівалі, што еўраінтэграцыя – адзін з галоўных прыярытэтаў у вонкавай ды ўнутранай палітыцы.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Парламенцкая апазіцыя выступіла з пратэстам ды заявіла аб намеры зладзіць маштабную маніфестацыю праз тры дні. Але шараговыя актывісты не захацелі чакаць. «Прыходзьце да стэлы, з тэрмасамі і канапкамі», – гэты заклік у сацыяльных сетках і стаўся першаю пясчынкаю, якая парадзіла лавіну.

Перад гэтым Расея фактычна распачала экспартную блакаду таварам з Украіны, цяжкавікі прастойвалі на украінска-расейскай мяжы па некалькі тыдняў, чым тлумачаць рашэнне Януковіча.

Украінцы не дазволілі сябе збіваць

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Доўгі час пратэст на Майдане быў нават не супраць Ураду і Януковіча, а менавіта супраць развароту Украіны ў бок Расеі. Гэтае рашэнне многія ўспрымалі як памылку Януковіча, якую яшчэ не позна выправіць.

Але кіраўнік Украіны не захацеў прыслухоўвацца да пратэстаў ды здзейсніў другую памылку. Атрад «Беркуту» напаў на нешматлікіх маладзёнаў, якія засталіся на ноч на Майдане. Студэнтаў жорстка збівалі нагамі і дручкамі, білі таксама і дзеўчын. На месцы падзеяў былі некалькі журналістаў, аператараў і фатографаў.

На наступны дзень уся краіна ў абурэнні праглядала відэа з разгону акцыі – яе паказвалі ў эфіры большасці тэлеканалаў ды актыўна распаўсюджвалі праз «Facebook». «Украіна прачнулася ў Беларусі», – гэтак інтэрнаўты каментавалі на наступны дзень падзеі на Майдане.

Ад 30 лістапада на Майдане пачалі з’яўляцца намёты і прыкметы самаарганізацыі. Валанцёры прыносілі і размяркоўвалі ежу і гарачае пітво, пачалі збірацца добраахвотныя дружыны. Прыз некаторы час улады заявілі аб намеры расследаваць і пакараць вінаватых у «празмерным ужыванні сілы». Але было ўжо позна – на Майдан пачалі прыязджаць людзі з рэгіёнаў, пачалі выразна гучаць антыўрадавыя і антыпрэзідэнцкія лозунгі. Пасля сутычак з міліцыяй і «Беркутам» з‘яўляюцца барыкады.

Расстрэлы на Майдане як канец Януковіча

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

Дзейныя ўлады Украіны ўпарта не хацелі пачуць пратэстоўцаў ды павялічвалі колькасць сілавікоў. У супрацьстаянні пачалі выкарыстоўваць слезацечны газ, гумовыя кулі. А неўзабаве – і баявыя.

22 студзеня станецца чорным днём для ўсёй Украіны. «Беркутаўцы» страляюць у дэманстрантаў баявымі кулямі. Першыя ахвяры – армянін Сяргей Нігаян ды беларус Міхась Жызнеўскі. Атрымалі раненні і памерлі на наступны дзень у шпіталі Раман Сэннік ды Аляксандр Бадера.

Расстрэлы працягваліся і ў наступныя дні, акрамя таго людзі гінулі ад іншых траўмаў, задыхаліся ад газу. Агулам у выніку супрацьстаяння на майдане загінулі не менш за 120 асобаў, у тым ліку 16 міліцыянтаў.

Пасля Майдану

Нягледзячы на змену ўлады, многія ўкраінцы і цяпер незадаволеныя высокім узроўнем скарумпаванасці чыноўнікаў ды вялікім уплывам алігархаў на палітыку. Тым не менш цяпер грамадства мае больш магчымасцяў кантраляваць дзеянні ўлады.

Найгоршае – гэта тое, што кіраўніцтва Расеі не захацела мірыцца з тым, што ад улады адсунулі «кішэннага» Януковіча ды развязала вайну, захапіўшы Крым і ды ўварваўшыся на Данбас.

Пра гэта глядзіце рэпартажы і дакументальныя фільмы «Белсату» онлайн:

«Закладнікі Данбасу» – Дзяльба рабоў, дымавая завеса анексіі Крыму? Што за вайна вядзецца на ўсходзе Украіны?

«Рэвалюцыя. Крымская пастка». Карэспандэнты Белсату наведалі Крым у час калі адбывалася расейская анексія паўвостраву, яны на свае вочы пабачылі і зафіксавалі драматычныя падзеі.

«Рэвалюцыя он-лайн». Як перамагчы ў інфармацыйнай вайне з уладай? Як працуюць украінскія і беларускія незалежныя тэлежурналісты? На чым трымаецца ўкраінскі пратэст? Усё гэта ў рэпартажы Сяргея Пелясы і Сяргея Марчыка «Рэвалюцыя он-лайн».

«Рэвалюцыя. Дэдлайн». Юрась Высоцкі, журналіст belsat.eu ізноў сустракаецца з героямі першай часткі рэпартажу. Сярод іх тэлеаператар Алесь Баразенка, які на Майдане з першых дзён здымае для «Белсату» і параненая на вул. Грушэўскага Галіна Садомцава з тэлевізіі «Спільнобачення».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў