Гадавіна Незалежнасці і зацьменне будучыні


«Старэйшы брат» будзе ў бліжэйшым будучым больш жорстка «душыць у абдымках». Настолькі жорстка, што напярэдадні бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў можна і задыхнуцца. Піша Аляксандр Тамковіч.

Як і мае быць, перш чым напісаць самы першы (прабачце таўталогію) радок гэтага артыкула, я «пагугліў» і даведаўся пра тое, што сваім святам дзень 27 ліпеня лічаць сістэмныя адміністратары; у Тайландзе адзначаецца адно з самых важных будысцкіх святаў – Асахі Пуджа або Асалха Пуджа (Asalha Puja Day), бо менавіта гэты дзень лічыцца днём заснавання будызму; індусы памінаюць вялікага мудраца Вьясы; а фіны святкуюць адно з самых незвычайных святаў у свеце – Дзень соні.

Ну і канешне ж, шмат там напісана пра зацьменне месяца, якое пачало дзень 27 ліпеня 2018 года. Адразу нічога не знайшлося толькі пра другое (на мой погляд, першае адбылося 25 сакавіка 1918 года) нараджэнне беларускай незалежнасці.

Дадатковыя запыты дазволілі даведацца, што 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Памяць жа вяртае ў іншую дату – 27 ліпеня 1994 года.

Роўна за тыдзень да таго вечара (20.07. 1994) адбылася інаўгурацыя ўсім вядомай асобы, і ў Філармоніі быў яго першы грунтоўны выступ. Першы і, здаецца, апошні цалкам на беларускай мове. І самы лепшы па зместу.

Не так даўно я даведаўся, што тэкст пісаў мой сябар Аляксандр Фядута, і з задавальненнем яшчэ раз пераканаўся ў высокім прафесіяналізме Аляксандра Іосіфавіча!

А я думаю, чаму тады «усенароднаабраны» быў такім разумным…

Добра памятаю, як потым, калі ўсе ехалі ў драздоўскую рэзідэнцыю на ўрачысты прыём, тагачасны заўгас краіны Іван Ціцянкоў падазрона паглядаў на нашу кампанію і супакоіўся толькі пачуўшы «сябры Лябедзькі».

Сапраўды, на ўсе мерапрыемствы я трапіў, дзякуючы былому кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які тады быў «з каманды», а зараз пачынае працаваць у якасці старшыні «Еўрапейскага клуба».

Трапіў таксама ў першы і апошні раз, бо хутка пачалося зацьменне, якое ў адрозненне ад прыродных, цягнецца ўжо больш за 20 гадоў.

Як вядома, па выніках лістападаўскага рэферэндуму 1996 года свята Незалежнасці было перанесена, а з тых, хто прыводзіў «філарманічнага» выступоўцу да ўлады, «наверсе» застаўся толькі Віктар Шэйман.

Пра тое, што гэта будзе менавіта так, 27 ліпеня 1994 года прадбачліва (досвед) адзначыў Іван Каратчэня. На той час ён узначальваў СНД і, карыстаючыся асабістым знаёмствам, пытаўся ў мяне невядомыя прозвішчы «новых». Канчатковае рэзюмэ былога партыйнага бонзы было такім: «Паглядзім, колькі іх застанецца праз год…»

Напэўна, скрупулёзныя чытачы заўважаць, што праз дзесяць гадоў пасля свайго першага выступу, Аляксандр Лукашэнка ізноў вярнуўся да беларускай мовы.

Гэтак 1 ліпеня 2014 года на ўрачыстым падседжванні ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значная частка яго выступу, сапраўды, прагучала на матчынай мове – «жэстачайшага» напалохала анексія Крыму, а публічны «дэмарш» быў накіраваны на адрас Пуціна, які тады прылятаў у Менск.

Да таго ж, нельга быць «часткова незалежным».

Цяпер сітуацыя кардынальна іншая.

Крэмль вырашыў паказаць, хто ў хаце сапраўдны гаспадар і выклікаў Лукашэнку ў Сочы. А тое, што гэта адбылося на фоне «адмененай» незалежнасці, па майму меркаванню не толькі не стала выпадковым, але і сведчыць пра тое, што «старэйшы брат» будзе ў бліжэйшым будучым больш жорстка «душыць у абдымках».

Настолькі жорстка, што напярэдадні бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў можна і задыхнуцца…

А «палітычная талерантнасць» расейскага амбасадара 12-гадовай вытрымкі Аляксандра Сурыкава ў параўнанні з рашучасцю Міхаіла Бабіча, які павінен прыйсці на ягонае месца, многім падасца ледзь не «ліберальнічаннем».

Яно і зразумела. Адно кіраваць Алтайскім краем і зусім іншае быць кадравым фээсбэшнікам, узначальваць урад ваюючай Чачэніі і прымаць удзел у «отжатии» Крыму…

Чуў, што менавіта гэта прызначэнне зноў моцна напужала Самі-Ведаеце-Каго і стала адной з прычынаў перапалоху ў вышэйшым кіраўніцтве краіны.

Сумна, канечне, але перафразуючы «барадаты» анекдот скажу – якая Незалежнасць, такіх паслоў нам і прысылаюць. Не веру я, што нехта «наверсе» гатовы абараняць нашу суверэннасць са зброяй у руках. Сваю ўладу – магчыма, незалежнасць – не.

І апошняе.

Традыцыя святкаваць Дзень соні прыйшла да фінаў у эпоху Сярэднявечча разам з легендай аб семярых хрысціянах, якія праспалі амаль 200 гадоў у пячоры, ратуючыся ад гневу рымскага імператара.

Беларусь заснула пад час рэферэндуму 1996 года, і, спадзяюся, прачнецца значна хутчэй за два стагоддзя…

Алкясандр Тамковіч, belsat.eu

Стужка навінаў