Гаагскі трыбунал апублікаваў вынікі расследавання падзей на Майдане, у Крыме і на Данбасе


Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) Фату Бенсуда апублікаваў свой штогадовы даклад па выніках папярэдняга расследавання падзей ва Украіне часоў Майдана, анексіі Крыму і пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны на Данбасе.

Даклад змяшчае вынікі расследавання за перыяд з 1 кастрычніка 2016 гады па 30 лістапада 2017 года.

У апісанні перыяду, які тычыцца анексіі Крыму, пазначана:

«27 лютага 2014 года ўзброеныя асобы ў ваеннай форме без апазнавальных знакаў захапілі ўрадавыя будынкі ў Сімферопалі, уключаючы будынак парламента Крыма. Расейская Федэрацыя пазней прызнала той факт, што ва ўсталяванні кантролю над Крымскім паўвостравам удзельнічаў яе ваенны персанал».

У дакуменце таксама выдзелена, што у той меры, у якой у Крыме і Севастопалі будзе фактычна захоўвацца стан акупацыі, на гэтыя тэрыторыі будзе распаўсюджвацца права міжнародных узброеных канфліктаў.

У заключэнні аб кваліфікацыі канфлікту на ўсходзе Украіны, які ў Крамлі спрабуюць прадставіць як унутраны, паведамляецца:

«Канцылярыя пракурора таксама прывяла дадатковыя звесткі, якія паказваюць на факт існавання прамога ваеннага супрацьстаяння паміж узброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі і Украіны, з чаго вынікае, што самае позняе з 14 ліпеня 2014 года адначасова з неміжнародным канфліктам на ўсходзе Украіны меў месца міжнародны ўзброены канфлікт».

З «меркаваных злачынстваў» у Крыме ў дакуменце згадваюцца знікненні і забойствы, жорсткае абыходжанне, прымусовы прызыў жыхароў Крыму на службу ва ўзброеных сілах РФ, парушэнне права на справядлівае судаводства, перасоўванне часткі грамадзянскага насельніцтва РФ у Крым і часткі насельніцтва Крыму за межы яго тэрыторыі, захопу маёмасці, ціск на крымскіх татар.

У сваю чаргу на ўсходзе Украіны частка злачынстваў ужо даказаная –«зафіксавана больш за 1 200 выпадкаў магчымага здзяйснення злачынстваў пасля 20 лютага 2014 года», сярод іх забойства, разбурэнне грамадзянскіх аб’ектаў, утрыманне пад вартай, катаванні / жорсткае абыходжанне, сексуальныя і гендарныя злачынствы, знікненне людзей.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары