Фядыніч: Быў «наш Крым. Хочаце, каб быў «наш Салігорск»?


Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч лічыць дзікунствам тое, што афіцыйны прафсаюз «Беларуськалію» збірае грошы для баевікоў Наваросіі.

У Менску прайшоў IX справаздачна-выбарны з’езд Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў». Дэлегаты пераабралі сваім старшынём на чацвёрты тэрмін Аляксандра Ярашука.

Старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч назваў Ярашука «добрым менеджарам, які добра працуе на міжнародным узроўні, але ніколі не стане прафсаюзнікам»: «Таму і стратэгія (Кангрэсу – рэд.) выпрацоўваецца без канкрэтыкі, без канкрэтных мэтаў, з якімі можна было б прыйсці да кожнага сябра прафсаюзу і сказаць: «Мы павінны рабіць вось гэта. Ты зразумеў?» Я не думаю, што дэлегаты, якія сядзелі ў зале, зразумелі, што трэба рабіць з цяперашняй стратэгіяй».

Паводле спадара Фядыніча, каб незалежныя прафсаюзы развіваліся, у іх кіраўніцтва маюць прыйсці маладыя, каб прафсаюзныя лідары не ператвараліся ў «клуб пенсіянераў».

Тое, што ў Салігорску афіцыйны прафсаюз «Беларуськалію» пачаў збор грошай на прыцэлы начнога бачання, цеплавізары і амуніцыю для баевікоў Данбасу, спадар Фядыніч лічыць дзікунствам.

«Людзі, што вы робіце? Выходзьце з гэтых прафсаюзаў. Мяняйце кіраўніцтва. Куды вас уцягваюць і няўжо незразумела, хто гэта робіць? Быў «наш Крым», хочаце, каб быў «наш Салігорск»?», – сказаў старшыня прафсаюзу РЭП. – Ці сем’ям (з Данбасу – рэд.) патрэбныя берцы, прыборы начнога бачання? Ці ім патрэбныя цяльняшкі, каб бачыць, хто свой, а хто не свой? Яшчэ раз гавару: што вы робіце, людзі?»

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў