Турчынаў «злівае» Лукашэнку з трыбухамі. Наспявае міжнародны скандал

Аляксандр Турчынаў.
Фота: REUTERS/Gleb Garanich

Апублікаванае на ўкраінскім інтэрнэт-партале «Гордон» інтэрв’ю экс-выканаўцы абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандра Турчынава, здольнае нарадзіць вялікі міжнародны скандал. І вось з-за якіх радкоў:

«Каб скараціць колькасць магчымых кірункаў удару, я выехаў у Беларусь на спатканне з прэзідэнтам Лукашэнкам. Ён паабяцаў, што з тэрыторыі ягонай краіны расейцы нас атакаваць не будуць. Але калі мы развітваліся, ён сказаў: «Але ў скрайнім выпадку я папярэджу за содні…».

Нічога не кінулася ў вочы? Аляксандр Лукашэнка абяцае кіраўніку суседняй краіны, што ён папярэдзіць яго, калі Расея будзе налягаць на ўводзе сваіх войскаў спачатку на тэрыторыю Беларусі, а пасля – на тэрыторыю Украіны.

Мне асабіста ў вочы кінуліся дзве акалічнасці.

Першая. Калі Расея ўвядзе свае войскі ў Беларусь, нікому і нікога ўжо папросту не давядзецца папярэджваць. Усе ўсё зразумеюць і без папярэджанняў Аляксандра Лукашэнкі (дарэчы, а кім ён у гэтым выпадку будзе? Генерал-губернатарам Паўночна-заходняга краю?).

І другая. Саюзніцкія дачыненні паміж Расеяй і Беларуссю ніхто не скасоўваў. Калі пра надзвычайную, на меркаванне Крамля, вонкавапалітычную шматвектарнасць афіцыйнага Менску можна ў кулуарах уціраць у мазгі масквічам, што, маўляў, Макей падбіў (не чорт, але – хтосьці накшталт), то тут ужо на ніякага Макея не спішаш. Фактычна паабяцана «зліць» інфармацыю патэнцыйнаму праціўніку свайго юрыдычнага хаўрусніка.

Зразумела, што Аляксандр Валянцінавіч Турчынаў – не толькі прапаведнік, але і пісьменнік-фантаст. Аднак сумняюся, каб ён гэтую размову выдумаў. Іншая справа – чаму ён агучыў гэта менавіта цяпер. Як былы кіраўнік Службы Бяспекі і Абароны Украіны ды дзейны сакратар Рады Нацыянальнай Бяспекі і Абароны Украіны ён базар фільтраваць, здаецца, мусіць. І калі ён такое агучвае, то цяпер ужо ён «злівае» беларускага галоўкома з усімі трыбухамі крамлёўскаму летуценніку. То бок, ставіць на ім крыж. Прычым свядома.

Але навошта? Якія будуць наступствы?

Толькі мне падалося, што ў паветры нясецца пах калі не палітычнага палонію, то прынамсі «Навічка»?

Правакацыя, якую з лёгкасцю кінуў куратар сілавых ведамстваў Украіны, – гэта як прапанова канчаткова вызначыцца: з кім Вы, майстар палітычнай культуры Лукашэнка А.Г.? Вызначыцца ў разгар сур’ёзнага палітычнага супрацьстаяння. Таму што сустрэча «нармандскай чацвёркі», што наспявае без удзелу прэзідэнта Расеі, дэманструе: «менскі працэс» завяршаецца.

І ніякай таямніцы ў гэтым няма. Тым больш – для такой маленькай кампаніі, якой з’яўляецца ўвесь свет і часткова пасёлак «Дразды».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў