Футбольны заўзятар напісаў ліст кіраўніку «Белтэлерадыёкампаніі»: Патрабую прынесці публічныя прабачэнні


Паважаны спадар Старшыня, з вялікай цікавасцю прачытаў перадрук Вашых слоў з перадачы «Клуб рэдактараў», якая выйшла ў эфір на тэлеканале «Беларусь-1» 13 верасня. Менавіта з цікавасцю. Не з абурэннем, хаця гэта, можа, і было б больш адэкватнай рэакцыяй на Вашыя словы.

Не са здзіўленнем, бо жамчужная калекцыя выказванняў на так шанаваным і папулярным сярод простага народa канале, як «Беларусь-1», ужо даўно не ў стане нічым здзівіць.

Але, дальбог, пакінем у супакоі мае абурэнне і здзіўленне і вернемся да галоўнага, а менавіта да Вашых слоў.

У вышэй згаданай перадачы Вы назвалі беларускіх заўзятараў нашай зборнай – цытую – «юнымі нацыстамі». Не будзем засяроджваць увагу на ўзроставым пытанні, хаця калі б шаноўны спадар cтаршыня асабіста наведаўся на стадыён на матч зборных Украіны і Беларусі, убачыў бы на ўласныя вочы не толькі ўзроставы, але і гендарны разрэз беларускага грамадства.

Напрыклад, побач са мной, не «юным» ужо, 40-гадовым чалавекам, стаялі дзве маладыя дзяўчыны. Можа, у хатнім зацішшы яны і заядлыя «нацысткі», але з іх паводзінаў на стадыёне гэта ніяк не вынікала. Прааналізуем галоўнае слова з фразы, якое ўражвае масштабам абвінавачвання.

Паважаны спадар Давыдзька, патлумачце, калі ласка, на якой падставе і на якіх фактах Вы гуртам публічна назвалі беларускіх заўзятараў у Львове нацыстамі? Наколькі я разумею, у вас ёсць неаспрэчныя доказы ці то прыналежнасці наведвальнікаў гасцявога сектара да фармальных ці нефармальных нацысцкіх груповак, ці то ўжыванні падчас матча або перад ім ці пасля яго нацысцкай сімволікі, ці то публічных нацысткіх выкрыкаў. Было б надзвычай стасоўна прадставіць гэтыя доказы шырокай публіцы.

Са свайго боку перабіраю ў памяці ўзрушальныя моманты еднасці беларускіх і украінскіх заўзятараў футболa падчас побыту на матчы ў Львове і не магу зразумець, што ж выклікала ў Вас такую рэакцыю.

Не магу сабе ўявіць, што, напрыклад, Вы маглі б назваць бел-чырвона-белы, некалі дзяржаўны, сцяг – нацысцкім. Сцяг, пад якім прымаў прысягу на вернасць Беларускаму Народу першы прэзідэнт Беларусі спадар Аляксандр Лукашэнка.

Цяжка сабе ўявіць і тое, што Вы маглі б назваць нацысцкім сфармуляваны Янкам Купалам лозунг «Жыве Беларусь». Гэта проста не памяшчалася б у галаве, калі б гасцявы сектар у Львове, фан-сектар зборнай Украіны і ўвесь 33-тысячны львоўскі стадыён хацелі б, каб Беларусь жыла, а Вы мелі б іншае меркаванне на гэты конт.

Не хочацца верыць і ў тое, што сучасны адукаваны чалавек можа не ведаць, што лозунг «Слава Украіне» сягае вытокаў аспірацый украінскай незалежнасці ў новай гісторыі і звязваць яго з нацызмам могуць толькі прапагандысты тэндэнцыйных тэлеперадач.

Яшчэ менш хочацца верыць у тое, што Вы ўсур’ёз можаце лічыць песні беларускага гурту «Ляпіс Трубецкой», «Тры чарапахi» NRM, народную «Купалінку» ці тыповыя беларускія фанацкія крычалкі ў падтрымку зборнай нацысцкай творчасцю. Гэта было б ўжо ўвогуле па-за межамі – прынамсі майго ўласнага – разумення. Ужываючы футбольную тэрміналогію – па-за гульнёй…

Быў яшчэ банер з простым, але адназначным салідарным зместам «Трымайцеся, браты». Хацелася б адзначыць, паважаны спадар Давыдзька, што беларускія аматары футболa выказалі сваю салідарнасць украінскаму народу ў рэчышчы агульнага стаўлення Беларусі да няпростай сітуацыі ва Украіне, якая выражалася ў тым ліку і афіцыйна кіраўніком беларускай дзяржавы на сустрэчы ў Кіеве пры канцы 2014 года.

Цытую: «Для нас это не игра. Не только потому, что товарооборот, а потому, что мы соседи, мы рядом живем, мы родные люди».

Звярніце ўвагу, спадар старшыня, мы з украінцамі – родныя людзі. Няўжо Вы лічыце нацыстамі тых, хто згодны з гэтым тэзісам Аляксандра Лукашэнкі?.. Паважаны Генадзь Браніслававіч, нягледзячы на Вашыя спробы адбіць ахвоту ездзіць на матчы нашай каманды і падтрымліваць яе – мы будзем гэта рабіць.

Будзем ездзіць. І будзем спяваць. І будзем біць новыя рэкорды, так як цяпер, у Львове, пабілі выязны рэкорд на гульнях зборнай Беларусі. А Вам як старшыні Белтэлерадыёкампаніі можа не залішне было б падумаць пра тое, што місіяй і задачай публічнага тэлебачання ёсць прадстаўленне розных мыслёвых і светапоглядавых плыняў, а не барацьба з імі i не іх неапраўданая дыскрэдытацыя.

І на заканчэнне. Са свайго боку станоўча патрабую прынесці публічныя прабачэнні беларускім аматарам футбола, якія 5 верасня 2015 года прысутнічалі на адборачным матчы Еўра-2016 паміж зборнымі Украіны і Беларусі ў Львове – за Вашы несправядлівыя і абразлівыя абвінавачанні. У іншым выпадку Вы не пакінеце мне выбару і поля манеўру, і я буду вымушаны ўзяць на сябе ролю арганізатара масавых пазоваў у абароне годнасці ў рамках беларускай судовай сістэмы.

У любым выпадку, прынамсі адзін пазоў будзе напэўна.

З павагай, заўзятар зборнай Беларусі па футболе Андрэй Валькоўскі

belsat.eu, паводле nn.by

Стужка навінаў