Футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» будуць гуляць у беларускамоўных кашульках


Услед за менскім «Дынама» жодзінскі клуб вырашыў пісаць прозвішчы гульцоў на роднай мове.

Менскае «Дынама» ужо паспела згуляць у новых футболках – у кубкавым супрацьстаянні з «Віцебскам». Цяпер беларускамоўныя футболкі з’явяцца і ў «Тарпеда-БелАЗ» з Жодзіна. Пра гэта распавёў менеджар клубу па працы з грамадскасцю і маркетынгу Віктар Глушко:

«Недзе ў лютым ці напачатку сакавіка правялі апытанне ў самой камандзе. Думаю, вам будзе цікава, што ўсе гульцы адзінагалосна выказаліся за тое, што яны не супраць, каб іх прозвішчы пісаліся на беларускай мове. Таму так таму і быць – у гэтым сезоне каманда будзе гуляць у футболках з надпісамі на беларускай мове. А каб быць паслядоўнымі, афішы і анонсы да гульняў мы таксама ўжо робім па-беларуску».

Віктар Глушко мяркуе, што беларуская мова апошнім часам стала нейкім сродкам дасягнення таннай папулярнасці: каманда можа дрэнна гуляць, але калі выкарыстоўвае беларускую мову, то ўсе яе будуць хваліць.

«З кропкі гледжання маркетынгу гэта, мусіць, і добра, але са спартыўнага боку – неяк прыкра. Але ў апошніх сезонах наша каманда даказала, што яна заслугоўвае пашаны менавіта сваймі спартыўнымі дасягненнямі, і ўжо ніхто пра яе не скажа: «ну… затое ў іх надпісы на беларускай мове», – працягвае Віктар Глушко.

Жодзінскі клуб ужо калісьці выкарыстоўваў на футболках беларускую мову, але пасля 2010 зноў вярнуўся да расейскай. У 2013 годзе па-беларуску пісаліся прозвішчы гульцоў берасцейскага «Дынама».

У мінулагоднім розыгрышы чэмпіянату Беларусі па футболе «Тарпеда-БелАЗ» заняло чацвёртае месца, таму сёлета каманда можа выступіць у Лізе Еўропы.

У першым матчы гэтага сезона аўтазаводцы 11 красавіка згуляюць супраць берасцейскага «Дынама». Як і абяцана, афіша да гульні зроблена па-беларуску.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Л.А., belsat.eu

Стужка навінаў