ФСБ паведаміла пра гібель двух сілавікоў у баях на мяжы Крыму


У выніку абстрэлу тэрыторыі Крыму з украінскага боку загінуў вайсковец Міністэрства абароны Расеі і прадстаўнік ФСБ, гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным Федэральнай службай бяспекі (ФСБ).

У сераду 10 жніўня ФСБ Расеі абвясціла аб перадухiленнi у Крыме тэрактаў, падрыхтаваных выведкай Украіны. Паведамлялася, што расейскія спецслужбы пры падтрымцы іншых сілавых падраздзяленняў перадухілілі прарыў у Крым дыверсійна-тэрарыстычных груп з украінскай тэрыторыі.

Паводле ФСБ, у ноч на 7 жніўня ў раёне гораду Армянску была выяўленая група дыверсантаў. Падчас затрымання яны адкрылі агонь – у выніку загінуў прадстаўнік ФСБ.

ФСБ паведамляе, што ў ноч на 8 жніўня 2016 года спецпадраздзяленні Міністэрства абароны Украіны здзейснілі яшчэ дзве спробы прарыву дыверсійна-тэрарыстычных груп, якія былі перадухіленыя. Падчас перастрэлкі загінуў яшчэ адзін расейскі сілавік – вайсковец Міністэрства абароны Расеі.

Паводле звестак ФСБ, «спробы прарыву прыкрываліся масіраваным абстрэлам з боку сумежнай дзяржавы і бронетэхнікай узброеных сіл Украіны».

ФСБ падае, што на тэрыторыі паўвыспы ліквідаваная агентурная сетка выведкі Украіны. Акрамя таго, затрыманыя грамадзяне Украіны і Расеі, якія аказвалі садзейнічанне ў падрыхтоўцы тэрактаў і якія цяпер даюць прызнальныя паказанні. Паводле расеймкіх спецслужбаў, адным з арганізатараў прадухіленых тэрактаў з’яўляецца Паноў Яўген , 1977 года нараджэння, жыхар Запарожскай вобласці, супрацоўнік выведкі Украіны.

Крым быў анексаваны Расеяй вясной 2014 года. Большасць краін свету не прызналі Крым расейскім і лічаць паўвыспу тэрыторыяй Украіны.

МЯ, паводле fsb.ru

Стужка навінаў