ФСБ паабяцала не ўводзіць кантроль на мяжы з Беларуссю (дапоўнена)


ФСБ паведаміла, што стварэнне памежнай зоны на мяжы РФ і Беларусі не прадугледжвае ўвядзенне пагранічнага кантролю і адкрыцця кантрольна-прапускных пунктаў, піша Інтэрфакс.

У пагранслужбе ФСБ таксама адзначылі, што на мяжы з Беларуссю пакуль не будзе ніякіх пунктаў пропуску – ва ўсіх, хто ўязджае ў Расею, толькі будуць правярацца пашпарта. Пашпартная праверка будзе праводзіцца пры перасячэнні мяжы і ў цягніках.

«Усталяванне памежнай зоны не прадугледжвае ажыццяўлення пагранічнага кантролю асоб, транспартных сродкаў, грузаў, тавараў і жывёлаў, адкрыцця і функцыянавання пунктаў пропуску», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Мэтай увядзення памежнай зоны, як заявілі ў ФСБ, з’яўляецца «выяўленне і спыненне транзітнай незаконнай міграцыі, наркатрафіку і незаконнага перамяшчэння праз мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў».

У паведамленні адзначаецца, што падпісаныя дырэктарам ФСБ загады аб усталяванні памежнай зоны на расейска-беларускім участку дзяржаўнай мяжы аб межах памежнай зоны на тэрыторыі Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай вобласцей «не супярэчаць нормам міжнародных дагавораў РФ з Рэспублікай Беларусь i не накладваюць абмежаванняў на свабоду перасячэння дзяржаўнай мяжы РФ грамадзянамі абедзвюх дзяржаваў».

«Для грамадзянаў Беларусі, якія перасякаюць мяжу з Расеяй, усё застанецца як раней: пры сабе трэба мець толькі пашпарт, ніякіх дадатковых дакументаў не патрабуецца», – заявіў 2 лютага ў каментары belapan.by прадстаўнік пагранслужбы ФСБ.

У паведамленні ФСБ Расеі падкрэсліваецца, што парадак знаходжання ў памежнай зоне грамадзянаў РФ і Рэспублікі Беларусь і вытворчасці імі работ вызначаны правіламі памежнага рэжыму, усталяванымі загадам ФСБ Расеі ад 15 кастрычніка 2012 года і дзейнічае як у адносінах да замежных грамадзянаў, так і грамадзянаў Расеі.

Сёння ўступіла ў сілу рашэнне Федэральнай службы бяспекі Расеі аб усталяванні пагранічных зонаў на мяжы з Беларуссю. Адпаведныя загады былі падпісаныя дырэктарам ФСБ Аляксандрам Бортнікавым 29 снежня 2016 года.

У загадах памежная зона дэталёва прапісаная для кожнага раёну на тэрыторыі трох расейскіх вобласцей – Пскоўскай, Смаленскай, Бранскай – і прывязаная да геаграфічных каардынатаў. Пагранкіраванням ФСБ у гэтых рэгіёнах загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону, а таксама ўсталяваць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.

Павдоле belapan.by, раней пагранзона ў Пскоўскай вобласці праходзіла па ўзбярэжжы Чудскага возера і ўздоўж сухапутнай мяжы Расеі з Латвіяй і Эстоніяй, у Бранскай – вузкай паласой уздоўж мяжы з Украінай. У Смаленскай вобласці, якая цалкам прылягае да Беларусі, памежнай зоны не было зусім.

Раней кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што уладкаванне мяжы можна праводзіць толькі пасля дэмаркацыі, якая патрабуе перамоваў.

Як лічыць Лукашэнка, рашэнне аб памежзоне Расея прыняла ў адказ на ўвядзенне Беларуссю бязвізавага рэжыму на пяць дзён для грамадзянаў 80 дзяржаваў (указ прэзідэнта № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў» быў падпісаны 9 студзеня гэтага года). Расею, паводле яго слоў, закранула тое, што Беларусь прыняла рашэнне пра бязвізавы рэжым самастойна. Аднак, нягледзячы на ​​тое, што Беларусь як «суверэнная, незалежная краіна» мае права прыняць такое рашэнне, яно было ўзгоднена з расейскім бокам, дадаў кіраўнік дзяржавы.

ВД, паводле interfax.rubelapan.by

Глядзі таксама
Каментары