Фрык-шоў на карысць ісламістаў. Што паказалі свету арганізатары «перфомансу» ў Асвенцыме

Аказваецца, каб пратэставаць супраць палітыкі заходніх краін на Бліжнім Усходзе, трэба распрануцца і забіць авечку ля Аўшвіцу. Сумна, што ў гэтым інтэрнацыянальным фрык-шоў удзельнічалі і некалькі беларусаў. Піша Аляксандр Гелагаеў

Не наш стыль

Трэба адзначыць, што ў беларускім інтэрнэце спачатку некаторыя асобы ці не разабраліся, ці то па традыцыі сталі бачыць корань праблемы ў нацыяналізме беларусаў-удзельнікаў акцыі, і нават у працах беларускіх гісторыкаў, якія не згодныя з класічнай савецкай гісторыяй Другой сусветнай вайны.

«Спадарства, азірніцеся навокал і здрыганіцеся! Як асэнсоўваецца перыяд нацысткай акупацыі нашага Краю: адчыніліся беларускія школкі, пачала квітнець беларуская культура, адчыніліся цэрквы і касцёлы… і г.д. Маўляў немцы беларусам былі амаль што родныя браты! Толькі ваду муцілі партызаны якіх камуністы з Масквы насылалі», – пісаў адзін з блогераў, і гэты ягоны пост сабраў не адзін дзясятак «лайкаў».

Аднак (гэта можа камусьці падацца дзіўным?) аказалася, што забіць авечку і бегаць голымі ля месца масавага забойства людзей – гэта зусім не стыль беларускіх нацыяналістаў і хрысціянскіх правых кансерватараў, такіх як Зянон Пазняк, Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч.

«Мы» – зборная салянка?

Больш за тое, высветлілася, што гэта было адносна тыповае «мастацкае» мерапрыемства прыхільнікаў зусім не нацыяналістычных, а левых ці лева-ліберальных перакананняў. Прычым, зразумела, што беларускія справы ўвогуле не мелі да акцыі ніякага дачынення.

Мэта была – пакрытыкаваць хрысціянскі свет за ісламафобію і імперыялізм. Вельмі дрэнна мы, па меркаванні арганізатараў, ставімся да нявінных мусульманаў. Акцыяністам не падабаецца, што ЗША і некаторыя краіны НАТО адпраўляюць свае кантынгенты на вайну ў Сірыю, Афганістан і Ірак.

«Мне не падабаецца, што мы, амерыканцы, еўрапейцы, расейцы – хрысціянскі свет – стала туды лезем, крыўдзім іншыя народы», – сказаў адзін з аўтараў «перфомансу» студэнт Акадэміі мастацтваў у Кракаве Мікіта В.



Мікіта, адзін з удзельнікаў акцыі

Як вы думаеце, ці сказаў бы беларускі нацыяналіст «мы», калі размова пра войны на Бліжнім Усходзе, у якіх Беларусь не ўдзельнічала і не ўдзельнічае аніводным жаўнерам?

Іншы таварыш Мікіты па «мастацкай акцыі» кажа: «Мы шлем у Сірыю людзей, самалёты, умешваемся не ў свае канфлікты. Не як міратворцы, а мы там гарады знішчаем з жывымі людзьмі! Афганістан, Чачэнія, Ірак… мы ўвесь час там знаходзімся і кагосьці забіваем».

Гэта ўжо размова ў тым ліку і пра дзеянні вайсковай машыны Крамля. Як, на ваш погляд, ці будзе беларускі нацыяналіст казаць пра пуцінскую Расею – «мы»?

Карысныя ідыёты?

Рыторыка ў Мікіты і ягоных таварышаў чыста інтэрнацыяналісцка-антызаходняя. Хрысціянскі Захад вінаваты ва ўсіх грахах, неталерантны і агрэсіўны – чым гэтыя тэзісы прынцыпова адрозніваюцца, і ад камуністычнай, і, дарэчы, ад ісламісцкай прапаганды разлічанай на сучасную заходнюю моладзь?

«Заўважце таксама, што мы робім з мусульманаў пагрозу: калі тэрарызм, то заўсёды вінаваты мусульманін, а не Руская праваслаўная царква», – кажа Мікіта.

Вось дзіва, праўда? Калі тэрарызм, то мы перш за ўсё думаем пра мусульманскі тэрарызм, а не нейкі іншы. Чаму ж яно так дзіўным чынам склалася? Адкуль такое несправядлівае стаўленне да прадстаўнікоў гэтай рэлігіі? Можа быць з таго, што ў Еўропе ў 2016 годзе ад актаў тэрору загінулі 142 чалавекі, і менавіта ісламісты забілі 135 з гэтых 142 чалавек?

«А Польшча накіроўвае ў Сірыю 210 салдат і 4 F-16, якіх усяго 3 тысячы на планэце, і кажуць, што гэта сімвалічна. А калі кожная краіна NATO накіроўвае?!», – дадае Мікіта.

Нагадаем Мікіце, што «нашы» (відаць, маецца на ўвазе – амерыканскія, польскія і іншыя еўрапейскія жаўнеры) з’явіліся ў Афганістане, а потым у Іраку і Сірыі не проста так, а ў адказ зусім не на праваслаўны тэракт.

Відэа другой атакі на Сусветны гандлёвы цэнтр 11 верасня 2001 году.

Яны зʼявіліся там перш за ўсё ў адказ на забойства ісламскімі (вось гэта нечаканы паварот!) тэрарыстамі 3 000 чалавек у Нью-Ёрку 11 верасня 2001 году. Можа быць Мікіта не вельмі цікавіцца гісторыяй, а сам гэтых падзей не бачыў у эфіры навін, але мне тады было 22 гады, і кадры, які захопленыя лайнеры з пасажырамі ўразаюцца ў хмарачосы, я памятаю дагэтуль.

Ісламісцкі рух Талібан адмовіўся выдаць арганізатара тэрактаў Усаму бен Ладэна, у сувязі з чым ЗША і іх хаўруснікі пачалі вайну супраць тэрору. Зрэшты, фінансаваннем тэрарыстаў займаліся і Ірак Садама Хусейна, і Лівія Муамара Кадафі, і Сірыі пад кіраўніцтвам дынастыі Асадаў.

Беларускія нацыяналісты, пры ўсім іхным разнастайным стаўленні да дзейнасці сваіх папярэднікаў часоў Другой сусветнай, калі выказваюцца на тэмы Бліжняга Усходу, то «заўзеюць» амаль заўсёды за Ізраіль. Сучасны патрыёт Беларусі не хварэе на антысемітызм і не паддаецца ісламісцкай прапагандзе.

Адсутнасць розуму і адсутнасць этыкі

У знак пратэсту супраць забойстваў, якія ўчыняюць на Бліжнім Усходзе «прадстаўнікі хрысціянскага свету», удзельнікі перформансу забілі ягня.

«Л – Логіка», як кажуць у інтэрнэце. Не хочацца нават думаць, што яны зробяць, пратэстуючы супраць праблемы сексуальнага гвалту.

Паверце, аўтар гэтых радкоў зусім не вегетарыянец і вельмі любіць мяса, аднак забіваць нявінную істоту толькі дзеля «мастацтва», каб прадэманстраваць камусьці сваё меркаванне і свае эмоцыі – гэта сапраўды нешта вычварэнскае.

«Гэта мастацтва, мастака нельга караць», – упэўнены Мікіта М, іншы ўдзельнік акцыі.

Вельмі палохае гэты агрэсіўны інфантылізм, нежаданне акцыянераў думаць і несці адказнасць за свае ўчынкі. Яны, здаецца, нават не зразумелі, што яны зрабілі.

На мой хрысціянска-нацыяналістычны «цемрашальскі» погляд, забіваць жывёлу можна або дзеля абароны, або дзеля таго, каб гэтую жывёлу зʼесці. Забіваць дзеля мастацтва, забіваць жывую істоту «як сімвал», забіваць жывое «таму што я адчуваў гнеў» – недапушчальна.

Хто забівае ягнё «дзеля мастацтва», калісьці ад паўнаты эстэтычных ці якіх-небудзь іншых адчуванняў можа забіць і чалавека.

У гэтым сэнсе акцыяністы абралі для сваёй акцыі правільнае месца. Тут ужо забівалі нявінных «дзеля вялікай мэты».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзіце таксама:

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў