Француза Жаляна Віё прызналі невінаватым


Стрым з суду

Суд у Гомлі агучыў рашэнне ў справе француза, якога на мяжы затрымалі з патронам.

Размаўляючы з журналістамі, Жалян сказаў, што чакаў такога рашэння і што цяпер ён вельмі шчаслівы. Пра ўмовы ўтрымання хлопец сказаў, што «было цяжка, былі пацукі і прусакі», нейкі час не было ацяплення. На пытанне, ці прыедзе яшчэ ў Беларусь, Жалян Віё сказаў, што прыедзе, калі Лукашэнка не будзе кіраўніком краіны і зменіцца судовая сістэма. Перакладчыца гэта не пераклала, сказаўшы, што гэта «супраць дзеючай улады». Прысуд француз абскарджваць не збіраецца.

«Думаю ў досведзе, які я атрымаў, больш станоўчага, чым адмоўнага, хачу гэта так пакінуць», – адзначыў ён.

Хлопец сказаў, што хоча адпачыць, а таксама выразіў падзяку ўсім, хто яму дапамагаў. Жалян Віё хацеў бы працягнуць вандроўку, але лічыць сваім абавязкам цяпер вярнуцца ў Францыю, каб спаткацца з сям’ёй і падзякаваць за падтрымку.

Жаляна Віё прызналі невінаватым і вызвалілі з залі суда. Прысуд агучыла суддзя Тамара Застаўнецкая, якая нагадала, што грамадзянін Францыі мае права звярнуцца па кампенсацыю.

Сёння аднавіўся разгляд справы француза Жаляна Віё. Абвінавачаны выступіў з апошнім словам.

Хлопец заявіў, што прыехаў у Беларусь, каб наведаць сваю знаёмую. Нават нягледзячы на адмоўны досвед, француз кажа, што не расчараваўся ў нашай краіне і нават крануты тым, наколькі ўважлівыя былі незнаёмыя людзі, якія дасылалі затрыманаму пасылкі і лісты са словамі падтрымкі.

Пасля чаго суд пайшоў у дарадчы пакой. Прысуд будзе агучаны а 12:30.

Глядзіце таксама:

Пракурор абвінавачваў Жаляна Віё ў тым, што той наўмысна насіў пры сабе баявы патрон, які дагэтуль увёз з тэрыторыі Літвы, і што патрон знайшлі супрацоўнікі мытні на выездзе з Беларусі ў пакоі асабістага дагляду. Віё заяўляў, што спецыяльна пайшоў на «чырвоны калідор», каб прад’явіць рэчы і сувенірны патрон. Хлопец кажа, што разумее, у чым яго вінавацяць, але вінаватым сябе не прызнае.

24-гадовага француза затрымалі 21 верасня на памежным пункце пропуску Новая Гута, падчас выезду ва Украіну. Яго вярнулі назад у Гомель і змясцілі ў следчы ізалятар № 3.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў