Франсіс Дэлей: налета рост эканомікі будзе нулявы


Еўрапейскі банк рэканструкцыі ды развіцця заўважна павялічыў сваю актыўнасць у Беларусі. Не так даўно гэтая фінансавая ўстанова падпісала з урадам мемарандум аб прыватызацыі «Белінвестбанку». Пра гэтае ды іншае пагутарым з кіраўніком прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Франсісам Дэлеем.

– З чым звязанае павелічэнне актыўнасці ЕБРР у Беларусі?

– Справа ў тым, што з 2009 года некалькі змянілі стратэгію дзейнасці банку. Гэтая стратэгія прывяла да таго, што мы можам здзяйсняць праекты меншага памеру больш эфектыўна. Гэта адбілася і на хуткасці прыняцца рашэнняў, і на аб’ёмах фінансавання. Напрыклад, у 2013–2014 гадах мы прафінансавалі 255 і 245 млн. еўраў адпаведна.

– А ці нельга патлумачыць павелічэнне вашай актыўнасці ў Беларусі тым, што ЕБРР вымушаны згортваць свае праекты ў Расеі праз увядзенне супраць яе санкцыяў?

– Не, гэта рэчы зусім не звязаныя. Для кожнай краіны існуе свая асобная краінавая стратэгія, і ў прыняцці рашэнняў аб праектах у Беларусі кіруемся, у першую чаргу, адпаведнымі фінансавымі ды іншымі крытэрамі, якія дазваляюць нам прыняць рашэнне пра фінансаванне канкрэтнага праекту тут.

– Вы супрацоўнічаеце ў асноўным з прыватнымі прадпрыемствамі ў Беларусі. Ці пралічваеце рызыкі верагоднага ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць гэтых арганізацыяў? Апошні выпадак – вяртанне ў дзяржаўную ўласнасць прадпрыемства «Мотавела» праз памылкі ўласнікаў сведчыць, што верагоднасць нацыяналізацыі досыць вялікая.

– Цяжка каментаваць гэты прыклад, бо кампанія – не кліент Еўрапейскага банку. Таму мы дасканала не ведаем сітуацыі ды, напэўна, устрымаемся ад каментароў. Што датычыць стасункаў паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі, то гэтыя стасункі могуць мець розныя спектры адценняў, і гэта адбываецца не толькі ў Беларусі, але і ўва ўсіх краінах свету. Што датычыць канкрэтна нашых праектаў у прыватным сектары, то нашыя кліенты не адчуваюць нейкіх праблемаў або колькі-небудзь значнага ціску з боку дзяржавы, пра які мела б сэнс казаць. То бок вядзецца нармальнага праца.

– Актыўнасць ЕБРР залежыць таксама ад стану эканомікі. Цяпер у Беларусі адзначаная рэцэсія. Паводле ацэнак вашых экспертаў, якія перспектывы беларускай эканомікі ў найбліжэйшы час?

– ЕБРР у асноўным займаецца прагназаваннем росту валавога прадукту. Можна сказаць, што на гэты год мы прагназуем падзенне ВУП на 2,5 %. Ужо ў першым квартале сёлета мы адзначалі падзенне на 2 %. На наступны год ЕБРР не закладае росту. То бок рост беларускай эканомікі будзе нулявы.

– Напрыканцы пагутарым пра цяперашнія праекты ЕБРР. Як ідзе працэс прыватызацыі «Белінвестбанку» і чаго варта чакаць ад вашай арганізацыі ў найбліжэйшы час?

– У нас ёсць пэўныя абмежаванні ў плане таго, што мы можам казаць пра патэнцыйныя праекты. У нас ёсць партфель праектаў, якія мы разлічваем зрабіць, але казаць пра нейкія ўгоды да пэўнага перыяду, на жаль, нам не дазваляе сітуацыя і пагадненні пра канфідэнцыйнасць. Што датычыць «Белінвестбанку», то гэта істотнейшы крок у адносінах паміж ЕБРР і Рэспублікай Беларусь. Мы разлічваем паспяхова рухацца шляхам супрацы і даць першыя крэдытныя рэсурсы «Белінвестбанку» ўжо да канца гэтага года і пачаць працаваць з «Белінвестбанкам» у межах праграмы спрыяння гандлю.

Аляксей Мінчонак, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары