Франк-Вальтэр Штайнмаер абраны прэзідэнтам Нямеччыны


За яго прагаласавала большасць дэпутатаў Бундэстагу і прадстаўнікоў 16 рэгіёнаў краіны.

Штайнмаер раней быў міністрам замежных справаў. Ён сышоў у адстаўку ў студзені 2017 года.

Абранне Штайнмаера ўмацоўвае пазіцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі, у якую ён уваходзіць. У 2017 годзе ў ФРГ пройдуць парламенцкія выбары, і сацыял-дэмакраты – галоўныя супернікі партыі Меркель.

Акрамя экс-міністра замежных справаў за пасаду кіраўніка дзяржавы змагаліся яшчэ чатыры кандыдаты: палітолаг з Кёльна Крыстоф Буттервегге, якога вылучыла Левая партыя, намеснік старшыні «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Альбрэхт Глазер, юрыст Александер Хольд, а таксама бацька вядомага ў ФРГ сатырыка Марціна ЗоннеборнаЭнгельберт Зоннеборн.

«Кандыдат Франк-Вальтэр Штайнмаер атрымаў неабходную колькасць галасоў і тым самым абраны прэзідэнтам ФРГ», – падкрэсліў старшыня Бундэстагу Норберт Ламмерт.

Паводле яго словаў, прагаласавалі 1253 дэлегаты, 14 галасоў былі прызнаныя несапраўднымі. Штайнмаер атрымаў 931 голас, устрымаліся 103 прадстаўнікоў.

Да прысягі новы кіраўнік дзяржавы будзе прыведзены толькі ў сакавіку. Тэрмін паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта Ёахіма Гаўка мінае 18 сакавіка. Летам мінулага года ён заявіў, што не пойдзе на новы тэрмін.

Прэзідэнт Нямеччыны выконвае прадстаўнічыя функцыі. Рэальных паўнамоцтваў у яго няма. На гэты пост звычайна абіраюць паважанага палітыка. Штайнмаер – адзін з самых вядомых палітыкаў Нямеччыны.

Франк-Вальтэр Штайнмаер выступаў за зняцце санкцый супраць Расеі пры ўмове захавання Менскіх пагадненняў. Ён таксама крытыкаваў Доналда Трампа, называючы яго «прапаведнікам нянавісці».

ВД, паводле tass.ru

Стужка навінаў