Рэпартаж з менскага канцэрту «Воплі Відоплясова»

video

11 лютага ў сталічным «PRIME HALL» выступіў вядомы ўкраінскі гурт «ВВ» з Алегам Скрыпкаю.

«Воплі Відоплясова» прэзентавалі яшчэ адну песню па-беларуску

Хіт «Танцы» цяпер гучыць на нашай мове, і гэта далёка не апошнія планы Алега Скрыпкі супрацы з беларускай культурай.

Вядомы гурт 11 лютага адыграў аншлагавы канцэрт, зняўся ў перадачы «Belsat Music Live» ды паразмаўляў з журналістамі на прэс-канферэнцыі.

Песня «Танцы» загучала на нашай мове дзякуючы паэту Алесю Плотку. Першую беларускамоўную песню «ВВ» – «Краіна Мрой» – пераклаў Андрэй Хадановіч. Яе на канцэрце гурт выканаў разам з дзіцячым фальклорным ансамблем «Сунічка» з Менску.

Алег Скрыпка расказаў, што гэта была іх ініцыятыва творчай супрацы. Ягоныя сябры знайшлі калектыў, які адгукнуўся ды вывучыў песню.

Лідар «Воплі Відоплясова» – сапраўдны амбасадар украінскай культуры ў Беларусі і беларускай ва Украіне. Штогод ён арганізуе фестываль «Краіна мрой», дзе рэгулярна выступаюць беларускія гурты.

«Нядаўна мае беларускія сябры прапанавалі такую ідэю. Ёсць пералік найбліжэйшых да ўкраінскай моваў. Безумоўна, мова №1 – беларуская. Пасля яе, па-мойму, славацкая, чэшская, польская. Руская ўваходзіць у дзясятку, але яна дзесьці ў канцы. Цікава было б зрабіць фестываль музыкі на мовах, якія мы разумеем без перакладчыка і так яго і назваць «Без перакладчыка», – расказаў Алег Скрыпка.

Адказваючы на пытанне belsat.eu, ён ацаніў агульны ўзровень рэпрэзентацыі Беларусі ва Украіне на «недастаткова»:

«Ляпіс» і «Брута» зрабілі прарыў, безумоўна. Ва Украіне ёсць культ беларускіх тавараў. У нас прадаецца беларуская касметыка, малочныя прадукты, дзверы. Так і напісана «Білоруські товари і харчі». Я нядаўна даведаўся, што ўкраінскія маркі прадаюцца пад выглядам беларускіх. Гэта і ўсё».

У яго самога ёсць беларуская вышытая кашуля, набытая ў сувенірнай краме.

«Гэта адна з маіх двух дамашніх вышыванак», – зазначыў Скрыпка.

На «гарачае і палітычнае» пытанне пра дэпартацыю Сяргея Жадана Алег Скрыпка і гітарыст Яўген Рагачэўскі адказалі ў канцы прэс-канферэнцыі.

«Гэта прыкрая сітуацыя. Яна не ў плюс беларускай дзяржаве. Жадан вельмі шмат робіць для беларускай культуры ва Украіне. Хто назваў яго тэрарыстам – на воры і шапка гарыць», – зазначыў Алег Скрыпка.

У хуткім часе канцэрт «ВВ» можна будзе ўбачыць у эфіры «Белсату». Сачыце за facebook.com/belsatmusiclive і belsat.eu.

Х.М., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары