Сёння а 10-й гадзіне на плошчы Незалежнасці ў Менску адбылося святкаванне 100-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Каля помніка Леніну сабралася некалькі сотняў асобаў. Афіцыйная частка свята скончылася вельмі хутка.
Шэсце ўскладала кветкі да помніка Леніну.
Глядзіце таксама:
Пасля з кароткай прамовай выступілі прадстаўнікі камуністычнай партыі Беларусі.
На плошчы, у асноўным, людзі сталага ўзросту, якія шануюць СССР і настальгіруюць аб маладых гадах.
Але тут таксама ёсць і моладзь, напрыклад, студэнты. Кажуць, што іх ніхто не вымушаў ісці на дэманстрацыю, захацелася пабачыць на ўласныя вочы, як гэта адбываецца.
У цэнтры плошчы Незалежнасці вялікі чырвоны сцяг трымаюць браты-амерыканцы, што імігравалі ў Беларусь у 2008 годзе з ЗША.
Джэфры і Джэйсан цікавяцца гісторыяй, сацыялогіяй і вельмі шануюць СССР. У Менску яны заснавалі школу ангельскай мовы і стала жывуць і працуюць тут ужо амаль 10 гадоў.
Шмат чырвоных савецкіх сцягоў на плошчы Незалежнасці, побач з імі – дзяржаўны беларускі сцяг, а таксама партрэты Леніна і Сталіна.
ВЧ, фота Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu