Фота дня: Першая жанчына-пілот у «Белавіі»


Упершыню за дваццацігадовую гісторыю нацыянальнай авіякампаніі пілотам стала жанчына.

А менавіта: Святлана Яроменка, якая нарадзілася ў 1987 годзе ў Якуціі. Святлана з дзяцінства марыла стаць пілотам. У 2011 годзе скончыла Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт грамадзянскай авіяцыі па спецыяльнасці «лётная эксплуатацыя грамадзянскіх бартоў».

Сваю кар’еру пачала ў рэгіянальнай авіякампаніі «Пскоўавія» на пасажырскіх самалётах Ан-24/Ан-26, пасля працавала на «Трансаэра», дзе прайшла перападрыхтоўку на «Boeing 737NG». У «Белавію» Святлана прыйшла ў леташнім лістападзе.

Святлана Яроменка замужам, яе муж працуе пілотам у Санкт-Пецярбургу.

«У сучасным свеце ўжо даўно не дзеляць прафесіі на мужчынскія і жаночыя. І калі ў чалавека ёсць жаданне, дазваляе здароўе і ёсць якасная адукацыя, ён спраўляецца са сваймі абавязкамі, то зусім не важна, якога ён полу», – мяркуе Святлана.

Пакуль што яна з’яўляецца стажорам і лятае разам з інструктарам, але хутка пачне выконваць палёты самастойна ў якасці другога пілота летака «Boeing 737NG».

Тым часам гендырэктар «Белавіі» Анатоль Гусараў кажа, што авіякампанія плануе павялічваць колькасць жанчын-пілотаў.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў