«Форд» прыдумаў, як выйсці з крызісу


Аўтамабільны гігант хоча рабіць дарагія спартовыя аўты.

Амерыканскі вытворца аўтамабіляў «Ford Motor Company» у межах планаваных структурных зменаў збіраецца адмовіцца ад вытворчасці некаторых сваіх мадэляў. «Reuters» са спасылкай на брытанскую газету «The Times» падае, што кампанія збіраецца спыніць вытворчасць мадэляў «Mondeo», «Galaxy» і «S-Max», каб засяродзіцца на больш прыбытковых спартыўных аўтамабіляў.

Сёлета ў перыяд з красавіка па чэрвень «Форд» страціў у Еўропе $ 73 млн, і сутыкаецца з дадатковым праблемамі ў Вялікай Брытаніі, якая выходзіць з Еўразвязу.

Аналітыкі кажуць, што «Форд» можа звольніць 12 % з больш, чымся 200 тысячаў сваіх працаўнікоў – масавыя звальненні пройдуць пераважна ў Еўропе. Таксама фірма плануе скараціць колькасць сваіх дылерскіх цэнтраў.

Унутраныя дыскусіі на тэму таго, як павінная выглядаць фірма, будуць цягнуцца яшчэ некалькі месяцаў.

«Форд» – адзін з найбуйнейшых аўтамабільных вытворцаў у свеце, паводле продажаў займае трэцяе месца ў ЗША і другое ў Еўропе. Старшыня рады дырэктараў кампаніі – Ўільям Форд, праўнук заснавальніка фірмы, Генры Форда.

ДД

Стужка навінаў