Фірма Чыжа маладзечанцам: Без свінакомплексу будзе харчовая катастрофа


Дамовіцца з маладзечанцамі пра ўзвядзенне каля гораду двух гіганцкіх свінакомплексаў улады не здолелі. На грамадскім абмеркаванні людзі патрабавалі адмовіцца ад праекту. Дырэктар ТАА «Велес-Міт» пагражаў харчовай катастрофай у Беларусі, калі фермы не пабудуюць.

Без свінафермаў Чыжа – харчовая катастрофа?

У залі райвыканкама, дзе праходзілі слуханні, сабраліся больш за 200 чалавек жыхароў Маладзечна, прадстаўнікі мясцовых уладаў і фірмы-замоўніка праекту свінакомплексаў ТАА «Велес-Міт».

Знайсці паразуменне з аўдыторыяй у выступоўцаў не атрымлівалася. У адказ на запэўніванні, што свінафермы прынясуць толькі карысць, з залі гучалі негатыўныя каментары, вострыя заўвагі і часта смех. Людзі чакалі канкрэтных адказаў на канкрэтныя пытанні. Але чулі цытаванне ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і агульныя абяцанні, што ўсё будзе добра.

Прадстаўнік фірмы-праектоўшчыка «Агрыка» Аркадзь Юдасін і Дзмітрый Гурыкаў, дырэктар навукова-вытворчай фірмы «Экалогія», якая і рабіла ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, запэўнівалі, што праекты свінакомплексаў распрацаваныя паводле самых дасканалых тэхналогій у Еўропе. Кіраўнік «Велес-Міт» Алег Іваноў абяцаў, што на кожным свінакомплексе будзе створана 100 працоўных месцаў, а іх дзейнасць прынясе 70 мільёнаў еўра прамых інвестыцыяў для раёна. А вось у выпадку калі свінакомплексы не будаваць, Беларусі, паводле спадара Іванова, пагражае харчовая катастрофа.

На слуханнях праектыроўшчыкі зрабілі ўдакладненне, што адначасова на кожнай ферме будзе ўтрымлівацца 47-50 тысяч галоў свіней, а лічба 100 тысяч бярэцца з гадавога абароту пагалоўя.

«Вы хочаце зрабіць нам умовы горай, чым свінням?»

Маладзечанцы запэўніванням чыноўнікаў не вераць. Недавер падмацаваны сумным досведам жыцця побач са свінафермай, праўда, значна меньшай па памерах.

«У нас тут ужо ёсць свінакомплекс на 24 тысячы галоў у вёсцы Хожава. Нам забаронена трымаць сваіх свіней. Мы церпім ад бруднага паветра і вады. Усе ведаюць, што ў Хожава ды Мойсічах самая брудная вада, – узяла слова ўрач-ветэрынар з Хожава. – Свінні ў вас прыгожыя на фермах, чысценькія, блішчаць. А нам вы якія ўмовы ствараеце? Хочаце нам зрабіць горай, чым свінням?»

Жыхар вёскі Раеўшчына распавёў, як 15 гадоў чакаў сваёй чаргі на жыллё, каб нарэшце набыць участак у Раеўшчыне, падалей ад дарогі і заводаў. А аказваецца, што хутка па суседству паўстане гіганцкі свінакомплекс.

«Я і мая сям’я не хочам такога суседства! Участак прадаць я не магу, распачата будаўніцтва. Я правёў газ, ваду. Я не хачу жыць каля комплексу. Дык што мне рабіць?» – задаваў мужчына пытанне выступоўцам. Адказу не атрымаў.

Людзі не хацелі слухаць цытаты з афіцыйных дакументаў, і задавалі пытанне: «Што нам рабіць, каб гэтых свінакомплексаў не было?»

З залі гучаў голас: «Мы сабраліся тут патрабаваць, каб вы сышлі прэч з нашай зямлі!»

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту па Маладзечна Эдуард Баланчук звярнуўся да чыноўнікаў ды дырэктара «Велес-Міт» ад імя прысутных: «Мы просім вас не будаваць гэтыя комплексы каля Маладзечна! Запішыце ў пратакол, што мы аднагалосна патрабуем не будаваць свінафермы!»

Маладзечанцы пазмагаюцца за чыстае паветра

«Улады пачулі ваш крык душы», – рэзюмаваў амаль трохгадзіннае абмеркаванне намеснік старшыні маладзечанскага райвыканкама Генадзь Бажко. Чыноўнікі, прадстаўнікі «Велес-Міт» і фірмы-праектоўшчыка паабяцалі маладзечанцам разгледзець іхныя заўвагі.

Маладзечанцы здавацца не збіраюцца. За тыдзень актывісты сабралі каля 400 подпісаў супраць свінакомплексаў. Больш за 500 чалавек падпісалі петыцыю ў інтэрнэце.

Накіраваць свой пратэст уладам можна таксама праз партал zvarot.by

Свінафермы каля Маладзечна збіраецца будаваць ТАА «Велес-Міт» (раней – «Трайпл-Велес») – адна з кампаній «беларускага алігарха» Юрыя Чыжа. «Трайпл» і яшчэ 18 кампаній Чыжа трапілі пад санкцыі Еўразвязу паводле абвінавачвання ў «фінансавай падтрымцы рэжыму Лукашэнкі» (у канцы кастрычніка некаторыя з іх былі выкрасленыя з «чорнага спісу» ЕЗ). Самому Чыжу забаронены ўезд у еўрапейскія краіны.

Свінакомплексы размесцяцца на адлегласці 3 і 18 км ад Маладзечна – каля вёсак Мойсічы і Соўлава. На кожным з праектаваных свінакомплексаў свіней будуць адкормліваць да 115 кілаграмаў і атрымліваць болей за 11600 тон мяса ў год.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў