Фінскі прэмʼер запрасіў уцекачоў да сябе дадому, але пасля перадумаў


У верасні прэмʼер-міністр Фінляндыі Юха Сіпіля паабяцаў прыняць у сваім доме сямʼю ўцекачоў, але не прыняў «з прычынаў бяспекі».

Дом знаходзіцца ў камуне Кемпеле і рэдка выкарыстоўваецца прэмʼерам-мільянерам Юха Сіпіля. Абяцанне выклікала шмат спрэчак – крытыкі гаварылі, што такім чынам кіраўнік ураду матывуе ўцекачоў пераязджаць у Фінляндыю.

У нядзелю ў эфіры радыё «YLE» Сіпіля паведаміў, што не ў стане датрымаць слова. Змену рашэння патлумачыў меркаваннямі бяспекі.

«Я папрасіў экспертаў, каб ацанілі, ці будзе бяспечным пераезд у дом сямʼі з дзецьмі. З-за агалоскі зараз было б немэтазгодна гэта рабіць», – адзначыў прэмʼер-міністр.

Летась у Фінляндыю прыехалі 32 тыс. асобаў, якія просяць статус уцекача. У 2014 годзе прэтэндэнтаў на прытулак было амаль у дзесяць разоў менш – 3,6 тыс. асобаў. Такі вялікі наплыў людзей за кароткі час пры адначасовым пагаршэнні эканамічных умоваў выклікаў антыімігранцкія настроі і асцярогі за бяспеку грамадзянаў.

НМ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў