Фінансавая выведка Беларусі: расейцы спрабуюць выводзіць свае актывы праз нашыя банкі


Расейскі бізнес масава выводзіць з краіны свае капіталы. Маштаб фінансавых уцёкаў дасягнуў немалых памераў. Толькі праз банкаўскую сістэму Беларусі штодзённа праходзіць каля 400 аперацый, якія трапляюць пад увагу Камітэту дзяржкантролю.

«Вядома ж, мы вельмі заклапочаныя тою сітуацыяй, якая склалася ў суседняй дзяржаве, – каментуе сітуацыю Вячаслаў Рэут, дырэктар дэпартаменту фінансавага маніторынгу КДК. – Як толькі там пачаўся маштабны фінансавы крызіс, мы адразу заўважылі, што несумленныя расейскія грамадзяне пачалі спрабаваць выводзіць актывы ў трэція краіны транзітам праз беларускую банкаўскую сістэму», – заявіў чыноўнік у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь – 1».

Цягам апошніх месяцаў Расея губляе на біржах велізарную колькасць золатавалютных рэзерваў, каб падтрымаць абменны курс рубля.

У сваю чаргу заходні бізнес, які працуе ў Расеі, летась атрымаў рэкамендацыю ад Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША, з прапановай ратаваць свае грошы і выязджаць з РФ.

Кіраўнік фінансавай выведкі дадаў, што ўсяго паводле матэрыялаў Дэпартаменту фінансавага маніторынгу ў 2014 годзе было распачата больш за 350 крымінальных справаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў