«Financial Times»: брытанскія жаўнеры застануцца ў краінах Балтыі на ратацыйнай аснове, каб не было прэтэнзіяў ад Расеі


Вялікая Брытанія разам з Нямеччынай і ЗША вырашыла размясціць на доўгатэрміновай аснове свае войскі ў краінах Балтыі, паведамляе «Financial Times».

Пра паланы разгортвання войскаў, па інфармацыі выдання, абвесціць у чацвер 8 кастрычніка падчас сустрэчы міністраў абароны краінаў-чальцоў НАТА кіраўнік брытанскага вайсковага ведамства Майкл Фэлан. Войскі будуць знаходзіцца ў краінах Балтыі і Польшчы на ​​ратацыйнай аснове, што дазволіць пазбегнуць абвінавачванняў з боку Расеі ў парушэнні пагадненняў Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

Колькасць кантынгенту першапачаткова складзе каля 100 чалавек. Яны будуць рэгулярна ўдзельнічаць у вучэннях з эстонскімі, латвійскімі і літоўскімі вайскоўцамі.

Акрамя таго, па звестках «Financial Times», Фэлан абвесціць аб пашырэнні праграмы падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў. У цяперашні час на Заходняй Украіне знаходзяцца 75 брытанскіх вайсковых інструктараў.

Неўзабаве Латвія размесціць на сваёй тэрыторыі цяжкае ўзбраенне з ЗША. Яшчэ прынамсі частка штурмавікоў А-10, якія ЗША абяцалі накіраваць у Еўропу, будуць размешчаныя ў Эстоніі на авіябазе Ямары.

Акрамя краінаў Балтыі ў спісе, дзе могуць размясціць вайсковую тэхніку з ЗША, фігуруе Балгарыя, Польшча, Румынія, Эстонія і Вугоршчына. Вашынгтон плануе размясціць у названых дзяржавах каля 1,2 тысячы адзінак бронетэхнікі, 250 танкаў, а таксама БМП «М2 Bradley» ды артылерыйскія сістэмы.

ЮВ, belsat.eu, паводле lenta.ru, ft.com

Стужка навінаў