Фільм «Нелюбоў» расейскага рэжысёра Звягінцава адправіцца на «Оскар»


Расейскі оскараўскі камітэт прыняў рашэнне высунуць стужку Андрэя Звягінцава на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшае кіно на замежнай мове».

Сусветная прэмʼера стужкі адбылася сёлета ў траўні на Канскім кінафестывалі, дзе яна атрымала прыз за лепшы сцэнар, а таксама прыз журы (трэцяя паводле прэстыжнасці ўзнагарода фестывалю).

У фільме распавядаецца гісторыя мужа і жонкі, якія ненавідзяць адзін аднаго і свайго 12-гадовага сына. Праз атмасферу нянавісці ў сямʼі хлопчык вырашае ўцячы з дому.

Кінакрытыкі параўналі карціну Звягінцава з фільмам «Прыгоды» Мікеланджэла Антаніёні, стужкаю «Сцэны са шлюбнага жыцця» Інгмара Бэргмана і «Утоеным» Міхаэля Ханэке.

У 2015 годзе фільм Андрэя Звягінцава «Левіяфан» быў намінаваны на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі ў катэгорыі «Лепшае кіно на замежнай мове».

ЮВ, belsat.eu, паводле tass.ru

Стужка навінаў