Філіпінскія ўлады стварылі сакрэтныя атрады паліцэйскіх, каб забіваць наркагандляроў


Пра гэта «The Guardian» ананімна распавёў высокапастаўлены супрацоўнік нацыянальнай паліцыі Філіпінаў.

«Яны стварылі нас. Усё дакладна «яны выпусцілі звера з клеткі», каб нейтралізаваць злачынцаў», – сказаў у размове з журналістам выдання паліцэйскі.

Паводле яго, філіпінская паліцыя стварыла 10 сакрэтных атрадаў спецыяльнага прызначэння. Ім загадалі без суда забіваць тых, хто падазраецца ва ўжыванні і гандлі наркотыкамі, а таксама іншых злачынцаў.

Паводле крыніцы выдання, большасць забойстваў адбываецца ўначы. Падчас аперацыяў байцы атрадаў апранаюцца ў чорную вопратку і хаваюць галаву пад капюшонам. Паспяховая аперацыя доўжыцца ўсяго некалькі хвілінаў. «Акуратна, дакладна, без сведак», – піша «The Guardian».

Рэпартаж BBC пра забойцаў наркадылераў

Пасля гэтага байцы пазбаўляюцца ад целаў – часцей за ўсё іх вывозяць у суседні горад ці пакідаюць пад мастамі. Цела загінулага абмотваюць скотчам і падпісваюць: «наркагандляр».

Паводле супрацоўніка паліцыі, атрады для барацьбы з наркотыкамі стварылі адразу пасля абрання новага прэзідэнта Радрыга Дутэртэ, які паабяцаў, што вызваліць краіну ад наркотыкаў.

Выданню не ўдалося знайсці афіцыйнае пацверджанне фактаў, якімі падзялілася ананімная крыніца з філіпінскай паліцыі.

Фота: Noel Celis/AFP

ЮВ, belsat.eu, паводле theguardian.com

Стужка навінаў