Філіп Чмыр: У школе я меў пяцёрку па беларускай мове


Музыка патлумачыў «Белсату», чаму напісаў у сацыяльных сетках, што «ненавідзіць беларускую мову». А ці не баіцца Філіп Чмыр, што Расея ўвядзе войскі ў Беларусь, каб бараніць ягонае права на расейскую мову?

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Некаторы беларускія словы я не разумею, я – не носьбіт беларускай мовы і даўно ёю не карыстаюся, – распавёў музыка Філіп Чмыр з гурта «Drum Ecstasy». – У школе я меў пяцёрку па беларускай мове, але школу я закончыў прыблізна 27 гадоў таму. Не карыстаўшыся столькі часу беларускай моваю, я не магу казаць, што я яе ведаю. За апошні час з’явілася столькі новых словаў, што я проста не разумею. Мне патрэбны перакладчык. Гэта таксама, як і з англійскай мовай».

Музыка патлумачыў, што напісаў у «Фэйсбуку» пра нянавісць, бо ўжо цягам месяца не можа атрымаць ад арганізатараў адной з фотавыставаў пераклад каталогу на расейскую мову. «Як удзельніку арт-групы мне далі толькі апісанне па-беларуску і па-англійску. Я ведаю, што першапачаткова тэкст напісалі па-расейску, а потым пераклалі яго на беларускую мову. Але гэта прынцыповая пазіцыя арганізатараў, каб не даць мне расейскі тэкст. Я бачу допіс пра мяне, але не магу праверыць, што там напісалі. З такім падыходам, з навязваннем нечага яны давядуць нас да нянавісці», – заўважыў спадар Чмыр.

Ён падкрэсліў, што беларускамоўныя тэксты ў інтэрнэце закідае ў электронны перакладнік, каб разумець, пра што вядзецца, але не мае такой магчымасці з папяровымі публікацыямі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, адзначыў музыка, гарантуе яму права атрымліваць інфармацыю і па-расейску.

Філіп Чмыр падкрэсліў, што ўдома заўсёды размаўляў па-расейску. Ягоныя бацькі – не беларусы, а адна з бабулек – полька, таму побач з расейскай мовай у сям’і прысутнічала і польская.

„Хай беларускамоўныя змагаюцца за сваё права размаўляць па-свойму, калі іх нехта прыніжае, як я змагаюся за сваё права размаўляць на расейскай мове. Кожны мае адстойваць сваё права сам”, – лічыць спадар Чмыр.

Музыку раней спаткала таксама праблема, калі ў «пашпартным стале» не мелі бланкаў па-расейску. Ён мусіў пісаць па-беларуску, не ведаючы мовы. Выклікала цяжкасці ў яго, да прыкладу, як па-беларуску напісаць назву вуліцы, на якой жыве – на Чырвоназорнай ці Чырвоназоркавай, бо ў розных крыніцах яе падпісваюць па-рознаму. «Дык няхай беларускамоўная супольнасць разбярэцца, як тут правільна пісаць», – сказаў музыка.

«Я не люблю фальшывых падменаў. Я нікому не забараняю размаўляць па-беларуску. Я слухаю і спрабую зразумець, але чаму не могуць задаволіць маё канстытуцыйнае права?» – заўважыў спадар Чмыр.

Музыка не мяркуе, што расейскі прэзідэнт Пуцін увядзе войскі ў Беларусь, прачытаўшы ягоны допіс у «Фэйсбуку», але адзначыў, што яму пачалі пісаць абразы ў прыватных паведамленнях, з чаго ён мала што разумее. «Калі пачнуць вельмі даймаць, то звярнуся па дапамогу не да Пуціна, а да беларускай міліцыі», – падкрэсліў музыка.

Паводле яго, ён зрабіў допіс толькі для сваіх сяброў і гатовы дыскутаваць толькі з імі, а не «з гопнікамі, якія пішуць усялякую гадасць у прыватных паведамленнях».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў