Фігуранты «справы графітыстаў» пакрылі страты і выйшлі на волю


Аўтары графіці «Беларусь мае быць беларускай» вызваленыя з-за кратаў пад падпіску аб нявыездзе, але следства працягваецца.

За псаванне маёмасці і хуліганскія дзеянні ў Менску былі затрыманыя чатыры чалавекі. Яны падазраваліся ў тым, што ў ліпені гэтага года сапсавалі рэкламную шыльду з выявай супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якая належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, прычыніўшы яму страту не менш як на Br 2 млн.

Яны таксама падазраваліся ў выкананні на шэрагу збудаванняў у розных частках гораду надпісаў і выяваў, якія нібыта прапагандавалі гвалт ў грамадстве і грэбаванне агульнапрынятымі правіламі паводзін, у прыватнасці ў выяве сілуэта чалавека, што кідае бутэльку з запальнай сумессю, падае БелаПАН.

Двух удзельнікаў групы абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асоб (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу), і змясцілі пад варту.

Паводле Следчага камітэту, абвінавачваныя сваю віну ў інкрымінаваных дзеяннях прызналі цалкам, чыстасардэчна раскаяліся і пакрылі нанесеную страту ў поўным аб’ёме. Тлумачачы следчым матывы сваіх дзеянняў, адзін з падазраваных сказаў, што пашкодзіў білборды праз крыўду на міліцыянтаў.

Улічыўшы паказанні абвінавачваных, іх раскаянне і пакрыццё страты, а таксама тое, што абвінавачваныя не змогуць перашкодзіць далейшаму расследаванню крымінальнай справы, следства звярнулася да пракурора з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання. У выніку затрыманых выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Тыдзень таму Следчы камітэт паведаміў, што падчас расследавання крымінальнай справы, было высветлена, што абвінавачаныя нібыта распаўсюджвалі ў інтэрнэце экстрэмісцкія матэрыялы з прапагандай агрэсіўных, гвалтоўных дзеянняў, скіраваных супраць органаў правапарадку; з заклікамі, якія падахвочваюць грамадзянаў да масавых беспарадкаў; з абразлівымі і пагардлівымі найменнямі людзей па этнічнай прыкмеце. Гэтыя выказванні абражалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, падае следства.

Было абвешчана, што праводзіцца праверка дзейнасці групы, якая змяшчае прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці). Гэтая тэма ў сённяшнім паведамленні Следчага камітэту не атрымала развіцця.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў